Беларуская Служба

Дэмаграфія становіцца адной з важнейшых праблем Польшчы

08.08.2021 12:07
Польшча, як і большасць краін, якія дасягнулі высокага ўзроўню развіцця, змагаецца з праблемай падзення колькасці нованароджаных дзяцей.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў пра неабходнасць абароны інстытуту сям'і і хрысціянскіх каранёў Еўропы. Ён адзначыў, што рашэнні, якія паляпшаюць жыццё семʼяў, уключаны ў Дэмаграфічную стратэгію і праграму «Польскі лад».

Прэмʼер-міністр напісаў на Фэйсбуку, што сямʼя «зʼяўляецца самай прыгожай з найважнейшых адносін, якія ствараюць людзі», і што «адзін з асноўных абавязкаў дзяржавы – клапаціцца і служыць сямʼі».

Паводле яго слоў, сёння, больш чым праз 30 гадоў пасля пачатку трансфармацыі, настаў час, калі незалежная і багацейшая Польшча пагашае свой доўг перад польскімі семʼямі.

Ён дадаў, што гэта не толькі сімвалічныя 500+, але і ўся філасофія, якая стаіць за прасацыяльнай палітыкай урада. Маравецкі падкрэсліў, што гэтая палітыка павінна грунтавацца на фінансавай падтрымцы, паслугах, спрыяльным для сямʼі рынку працы, а таксама на адукацыі і прасоўванні каштоўнасцяў у сферы культуры.

Маравецкі адзначыў, што з моманту ўвядзення праграм падтрымкі сямʼі ў Польшчы выдаткі на адукацыю, пазашкольныя заняткі і спорт значна павялічыліся, больш дзяцей выязджае на адпачынак, а беднасць сярод семʼяў з дзецьмі, асабліва шматдзетных, рэзка скарацілася.

На думку прэмʼер-міністра, сёння паяўляюцца новыя праблемы, і адна з самых важных – гэта дэмаграфія. Кіраўнік урада звярнуў увагу, што Польшча, як і большасць краін, якія дасягнулі адносна высокага ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця, змагаецца з праблемай падзення колькасці нованароджаных дзяцей.

PAP/нг