Пагрозы адкрыць агонь па польскіх жаўнерах – гэта чарговая правакацыя і спроба эскалацыі крызісу на польска-беларускай мяжы, лічыць прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў у Польшчы. Пра такі інцыдэнт на мяжы з Беларуссю сёння паведаміла Міністэрства нацыянальнай абароны.
Станіслаў Жарын(Stanisław Żaryn) пацвердзіў у эфіры TVP Info, што супрацоўнікі беларускіх службаў пагражалі зброяй польскім жаўнерам, якія хацелі перашкодзіць мігрантам уварвацца на польскую тэрыторыю:
- Адзін з патрулёў польскіх жаўнераў выявіў буйную групу мігрантаў на беларускім баку мяжы. Калі палякі спрабавалі разабрацца ў сітуацыі, адзін з беларускіх функцыянераў прыгразіў ім адкрыццём агню. Згаданая сітуацыя мела на мэце – абвастрэнне напружання на мяжы і напалоханне польскіх жаўнераў.
Станіслаў Жарын дадаў, што гэта таксама выразны доказ датычнасці беларускіх службаў да міграцыйнага крызісу на ўсходняй мяжы Польшчы.
За апошнія суткі былі зафіксаваныя 433 спробы незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу. Былі затрымана дзевяць замежнікаў, сярод якіх грамадзяне Ірака, Сірыі і Турцыі.
У дачыненні да 67 мігрантаў было вынесенае рашэнне, паводле якога яны павінны неадкладна пакінуць тэрыторыю Польшчы.
Са жніўня былі зафіксаваныя больш за 30 тысяч спроб незаконнага перасячэння польскай мяжы з Беларусі.
IAR/аз