У акруговы суд Варшавы перададзены абвінаваўчы акт супраць Януша Н., якога абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Расіі. Нацыянальная пракуратура сумесна з Агенцтвам унутранай бяспекі падчас расследавання вызначылі, што мужчына наладжваў кантакты з польскімі і замежнымі палітыкамі, у тым ліку ў Еўрапарламанце, і ўцягваў іх у прапаганду, дэзынфармацыю і палітычныя правакацыі. За выкананыя заданні атрымліваў заплату.
Прэсавы сакратар Нацыянальнай пракуратуры Пшэмыслаў Новак паведаміў, што абвінавачаны займаўся бізнесам на тэрыторыі Польшчы, Еўрасаюза і іншых краін. Яго дзеянні былі часткай расійскіх прапагандысцкіх і дэзынфармацыйных праектаў, накіраваных на паслабленне пазіцыі Польшчы ў ЕС і на міжнароднай арэне.
Януш Н. знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. За шпіянаж яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
яс