Беларуская Служба

Польскія гарады павінны будуць мець планы адаптацыі да зменаў клімату

29.07.2024 09:53
Ідэя заключаецца ў тым, каб адаптаваць прастору да змены клімату і супрацьстаяць наступствам раптоўных з'яў.
Падваршаўскі Надажын PAP/PAP

Гарады з насельніцтвам 20 тысяч чалавек і больш павінны будуць стварыць планы адаптацыі да змены клімату. Гэта дакумент, які вызначае напрамкі дзейнасці мясцовага самакіравання. Ідэя заключаецца ў тым, каб адаптаваць прастору да змены клімату і супрацьстаяць наступствам раптоўных з'яў, такіх як кароткачасовыя праліўныя дажджы або засуха.

Кіраўніцтва Мінклімату заявіла, што завяршыла працу над унясеннем зменаў у Закон аб ахове навакольнага асяроддзя і спадзяецца, што парламент пачне працу над нарматывамі восенню.

Намесніца міністра клімату Уршуля Зяліньска паведаміла Польскаму радыё, што 209 гарадоў краіны будуць абавязаныя стварыць планы адаптацыі:

-Пры гэтым пераважная большасць, 168 гарадоў, ужо мае свой гарадскі план адаптацыі ці працуе над ім, паколькі бачыць такую патрэбу. У сваю чаргу такі запіс у форме закона дасць большую падтрымку, у першую чаргу фінансавую. У практыцы гаворка аб абароне гарадоў ад з’яваў, якія адбываюцца на нашых вачах.

Намеснік кіраўніка Мінклімату падкрэсліла, што менавіта мясцовая ўлада вырашае, якія палажэнні будуць уключаны ў планы па адаптацыі да змены клімату.

На мінулым тыдні міністр клімату і навакольнага асяроддзя Паўліна Хэніг-Клоска заявіла, што 7 мільярдаў злотых пойдзе мясцовым уладам на інвестыцыі ў рацыянальнае кіраванне воднымі рэсурсамі.

ав