Сёння, 5 верасня ўся Польшча будзе чытаць паэму «Дзяды» Адама Міцкевіча. Фінал 15-га «Нацыянальнага чытання» адбудзецца апоўдні ў Варшаве, перад помнікам вялікаму паэту на Кракаўскім перадмесці.
«Дзяды» — гэта шматпланавы твор, які і сёння ставіць вельмі важныя пытанні — пра свабоду, мараль, пакуты і гісторыю, а таксама патрыятызм.
Журналістка Польскага радыё Магдалена Мікалайчук (Magdalena Mikołajczuk) сказала, што, прачытаўшы гэтую кнігу, яе цяжка забыць.
— Хаця б шмат цытат, якія жывуць у гутарковай мове, мы часта іх ужываем. Можна прывесці прыклад прымаўкі «цёмна ўсюды, глуха ўсюды» — гэта цытата з «Дзядоў». Альбо «наш народ — як лава», таксама ў песні гурта «Культ» — «на галаве вянок з кветак, а ў руцэ зялёная галінка». Таму трэба часам вярнуцца да «Дзядоў» і прыгадаць сабе, калі мы ўжо не ў школе, пра што ж там ідзе гаворка.
Журналістка адзначае, што паэма Міцкевіча вытрымала праверку часам, паколькі яна ўсё яшчэ актуальная ў кантэксце сённяшняй сітуацыі — вайны Расіі з Украінай.
— Няма суменняў, асабліва калі мы прыгадаем трэцюю частку паэмы «Дзяды» — ёсць Расія, якая прыгнятае іншыя народы, заваёўвае, дамінуе. Так, як у «Дзядах», мы сутыкаемся з палітычнай хлуснёй, з фэйкамі, барацьбой за вызваленне. І, таксама як у «Дзядах», узнікае пытанне, наколькі Захад імкнецца стрымаць Расію. Таму варта перачытаць паэму, асабліва трэцюю частку, праз прызму геапалітыкі.
Беларускі паэт Андрэй Хадановіч нагадвае, што Адам Міцкевіч — таксама беларускі пісьменнік, хаця і напісаў свае самыя вядомы творы па-польску. У «Дзядах» вельмі шмат сімвалічных момантаў, звязаных з беларускай культурай, нават самога выразу «Дзяды» не было ў польскай мове.
— Гэта з нашых абшараў, з Беларусі, з Вялікага Княства Літоўскага. У паэме ўваскрашаецца паўязычніцкі, паганскі ў сваёй аснове, але не чужы нашай версіі хрысціянства абрад выклікання духаў нябожчыкаў.
Мерапрыемства «Нацыянальнае чытанне» было распачата ў Польшчы ў 2012 годзе сумесным чытаннем «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. У наступныя гады чыталі, між іншым, творы Аляксандра Фрэдры, «Трылогію» і «Quo vadis» Генрыка Сянкевіча, «Ляльку» Баляслава Пруса, «Вяселле» Станіслава Выспянскага.
Гэта штогадовая агульнанацыянальная грамадская кампанія па пашырэнні ведаў пра польскую нацыянальную літаратуру, падчас якой публічна чытаюць класічныя творы. Прыняць удзел у ім могуць усе жадаючыя.
Традыцыйна мерапрыемства праходзіць пад ганаровым патранатам прэзідэнцкай пары — прэзідэнта Караля Наўроцкага і першай лэдзі Марты Наўроцкай.
IAR/нг