У расійскім аддзяленні экалагічнай арганізацыі Greenpeace заяўляюць, што на судне «Міхаіл Дудзін» знаходзіцца каля 600 тон уранавых «хвастоў». За іх разгрузкай запрасілі назіраць дэпутатаў заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбургу — такім чынам, улады захацелі паказаць, што гэта бяспечна. У Greenpeace выказалі сумневы адносна бяспекі працэдуры, паведамляе „Свабода”.
Канчатковы пункт партыі ядзерных адкідаў — горад Новаўральск Свярдлоўскай вобласці. Туды яе павязуць цягніком.
У 2019 годзе еўрапейская кампанія Urenco аднавіла транспарціроўку ў Расію ўранавых «хвастоў» з нямецкай уранаўзбагачальнай фабрыкі, якая месціцца ў горадзе Гронаў. Першую партыю карабель «Міхаіл Дудзін» даставіў у Санкт-Пецярбург у лістападзе. Яе разгрузка вялася за 500 мэтраў ад жылога раёну, дзе пражывае больш за чатыры тысячы чалавек.
У найбліжэйшыя тры гады ў Расею плануюць адправіць 12 тысяч тон уранавых «хвастоў». Паводле дадзеных Greenpeace, у Расеі ўжо назапашана каля 1 мільёна 200 тысяч тон ядзерных адкідаў, усе яны захоўваюцца пад адкрытым небам.
У снежні ў Санкт-Пецярбургу прайшлі некалькі акцый супраць увозу радыеактыўных грузаў. Паліцыя затрымала аднаго з іх арганізатараў — эксперта расійскага аддзялення Greenpeace Рашыда Алімава.
Таксама невядомыя разбілі вокны офісу яшчэ аднаго арганізатара пікетаў супраць увозу уранавых «хвастоў» у Расію — Міхаіла Паўлава.
аз