Беларуская Служба

2019 год на свеце: тэракты ў касцёлах і мячэцях, кітайска-амерыканская гандлёвая вайна, «Brexit» пераносіцца на пазнейшы перыяд

30.12.2019 17:33
У гэтым годзе таксама значна вырасла свядомасць людзей на тэму кліматычных зменаў, якія няўхільна прывядуць да катастрофы ўвесь свет, калі не будуць прынятыя радыкальныя меры.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Sirichai Puangsuwan

Заканчваецца 2019 год. Як звычайна пад канец старога году і на пачатку новага, людзі з надзеяй і доляй занепакаення глядзяць у будучыню, стараюцца зірнуць за гарызонт, прадугледзець, што іх чакае, ці добрыя і аптымістычныя падзеі, ці дрэнныя здарэнні. Таксама пад канец году мы падводзім вынікі мінулага перыяду.

Якім ён быў, 2019-ты, для жыхароў розных дзяржаў нашай планеты? Канешне, такое падсумаванне заўсёды бывае толькі і выключна суб’ектыўным, бо людзі могуць зусім па-рознаму ставіцца да адной і той жа падзеі. У мінаючым годзе на свеце не было такіх падзей, якія былі б аднолькава важнымі для ўсіх жыхароў Зямлі. Але, бадай усе чулі пра жахлівыя тэракты, якія здарыліся ў першы дзень Велікодных святаў на Шры-Ланцы. Цэллю атакі тэрарыстаў былі хрысціяне, паколькі выбуховыя прылады былі закладзеныя ў трох касцёлах, а таксама трох фешэнебельных гатэлях у сталіцы краіны. Вось як паведамляў пра тэракты карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цэгельскі.

- Атакі здарыліся раніцай, калі касцёлы былі поўныя людзей, а госці гатэляў снедалі ў гатэльных рэстаранах. У выніку замахаў загінула 259 чалавек, а каля паловы тысячы было паранена. Некалькімі днямі пазней адказнасць за тэракты ўзяла на сябе гэтак званая Ісламская дзяржава (тэрарыстычная арганізацыя). Атакі на касцёлы былі, паводле заявы прадстаўнікоў ІД, адказам на ранейшыя тэракты ў мячэцях Новай Зеландыі, калі белы тэрарыст, які адкрыта называў сябе расістам, забіў 50 чалавек. Улады Шры-Ланкі паведамілі, што ўсе сем тэрарыстаў былі грамадзянамі гэтай дзяржавы, яны былі звязаныя з мясцовай ісламскай арганізацыяй джыхадыстаў.


У гэтым годзе значна вырасла свядомасць людзей на тэму кліматычных зменаў, якія няўхільна прывядуць да катастрофы ўвесь свет, калі не будуць прынятыя радыкальныя меры па затрыманні працэсаў глабальнага пацяплення. У сталіцы Іспаніі, Мадрыце, прайшла міжнародная прадстаўнічая канферэнцыя, прысвечаная пытанням клімату. Саміт з удзелам дэлегатаў з амаль 200 краін свету працягваўся два тыдні, але лідарам практычна ўсіх дзяржаў свету не ўдалося прыйсці да кансэнсусу, які дазволіў бы радыкальна абмежаваць выкіды цяплічных газаў у атмасферу. Вялікую славу затое здабыла на працягу году шведская падлетак Грэта Тунберг, якая пачала ладзіць кожны тыдзень дэманстрацыі маладых людзей у імя барацьбы з кліматычнымі зменамі. Многія скептычна ставяцца да патрабаванняў Грэты, згадваючы, што за ёй стаяць вялікія канцэрны, якія дзейнічаюць у карысць уласных бізнес-інтарэсаў.


Важныя падзеі адбываліся на працягу гэтага году за акіянам – у Злучаных Штатах Амерыкі. Трэці раз у гісторыі дзяржавы ў адносінах яе прэзідэнта быў распачаты працэс імпічменту (зняцця з пасады). Абвінавачанні датычаць перавышэння службовых паўнамоцтваў Дональдам Трампам, калі ён аказваў прэсінг на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага па справе кампрамату на суперніка Трампа на прэзідэнцкіх выбарах Джо Байдэна.

Калі імпічмент – гэта хутчэй унутраная справа Амерыкі, то іншая важная тэматыка з-за акіяну можа аказаць значны ўплыў на лёсы свету. Гаворка ідзе пра гандлёвую вайну паміж ЗША ды Кітаем, якая працягваецца ўжо другі год. Праўда, у сярэдзіне снежня прадстаўнікі гэтых дзяржаў аб’явілі, што ўдалося ім знайсці кампраміс па пытанні першага этапу дамоўленасці. Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп заявіў, што падпісанне дакументу адбудзецца ў бліжэйшым часе. Перадае карэспандэнт Польскага радыё Томаш Саевіч.

- Змест дамоўленасці пакуль невядомы. На дадзеным этапе дзве дзяржавы адмовіліся ад увядзення дадатковых мытных тарыфаў, якія павінны былі ўступіць у сілу ў сярэдзіне снежня. Кітай абяцаў таксама купляць большую колькасць амерыканскіх сельскагаспадарчых тавараў. Лідары краін размаўлялі пра магчымасць падпісання дамоўленасці пры нагодзе сустрэчы на саміце летам гэтага году. У жніўні ЗША абвінавацілі Кітай у тым, што ён маніпулюе курсам долара. У сваю чаргу ў кастрычніку Амерыка ўнесла 8 кітайскіх кампаній, якія вырабляюць электронную тэхніку, у так званы чорны спіс. Імпарт прадукцыі гэтых фірмаў у ЗША не будзе магчымы без згоды ўладаў. Вашынгтон вінаваціць Кітай у крадзяжы амерыканскай тэхналогіі ды ў несумленных гандлёвых схемах. На працягу двух гадоў краіны ўводзілі ўсё большыя мытныя стаўкі. Паводле дакладу ААН, гандлёвая вайна пашкодзіла эканомікам абедзвюх дзяржаў.


Калі зірнуць на падзеі нашага кантыненту, то тут, канешне, самае важнае – працэс выхаду Вялікабрытаніі са складу Еўрапейскага звязу. «Brexit» планаваўся ў гэтым годзе, але тэрмін «разводу» пераносіўся некалькі разоў, на дадзены момант ён прызначаны на 31 студзеня будучага году.

нг