Беларуская Служба

Урад у Кіеве зацвердзіў мемарандум аб пастаўках звадкаванага прыроднага газу з ЗША

29.05.2020 13:09
Пастаўкі ахопліваюць 5,5 мільярда кубічных метраў сыравіны ў год, а праект разлічаны, як мінімум, на 20 гадоў.
.
.Magnascan/pixabay.com/CC0 Public Domain

Урад Украіны ўхваліў мемарандум аб супрацоўніцтве з амерыканскай кампаніяй па пастаўках звадкаванага прыроднага газу з ЗША. Дакумент прадугледжвае таксама развіццё газавай інфраструктуры паміж Украінай і Польшчай, паведаміў дэпутат Аляксей Ганчарэнка.

Гэткі інфраструктурны праект могуць часткова фінансаваць ЗША і ЕС, паведамляе партал energetyka24.com са спасылкай на партал „Эканамічная праўда”.

Дакумент прынялі ўрад Украіны і кампанія Louisiana Natural Gas Exports. Паводле яго, пастаўкі ахопліваюць 5,5 мільярда кубічных метраў сыравіны ў год, а праект разлічаны, як мінімум, на 20 гадоў.

„Мемарандум не стварае прававых абавязацельстваў. Проста з'яўляецца дэкларацыяй аб намерах”, - падкрэсліваецца ў дакуменце.

Выконваючы абавязкі міністра энергетыкі Украіны Вольга Буславец адзначыла, што праект „прадугледжвае вывучэнне магчымасці дыверсіфікацыі шляхоў паставак прыроднага газу праз працяглыя пастаўкі звадкаванага газу і развіццё трансгранічнай газавай інфраструктуры Украіны і ЕС”.

Як нагадвае „Эканамічная праўда”, у сакавіку намеснік міністра энергетыкі Канстанцін Чыжык заявіў, што Вашынгтон і Кіеў дамовіліся аб пастаўках ва Украіну звадкаванaга газу праз тэрміналы ў Польшчы. Аб'ём паставак - 6-8 мільярдаў кубічных метраў у год.

Паводле міністра, газ будзе транспартавацца ў еўрапейскія краіны праз вузел на базе ўкраінскіх падземных сховішчаў газу.

аз