Беларуская Служба

Польшча і краіны Балтыі атрымаюць грошы на сінхранізацыю энергетычных сетак у Еўропе

14.12.2020 13:24
Гаворка ідзе пра адключэнне балтаў ад расійскай сістэмы і іх падключэнне да еўрапейскай сістэмы, прычым Польшча з'яўляецца сувязным звяном.
.
.sebaonflames/pixabay.com/CC0

720 мільёнаў еўра з бюджэту ЕС будуць выдзелены Польшчы і краінам Балтыі на сінхранізацыю энергетычных сетак у Еўропе. Сёння аператары сістэм перадачы электраэнергіі з Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі падпісалі пагадненне з Выканаўчым агенцтвам ЕС па інавацыях і сетках.

Гаворка ідзе пра адключэнне балтаў ад расійскай сістэмы і іх падключэнне да еўрапейскай сістэмы, прычым Польшча з'яўляецца сувязным звяном. Рашэнне аб прадастаўленні грошай Еўрапейская камісія прыняла два месяцы таму. Тады яе старшыня Урсула фон дэр Ляен заявіла, што гэты праект пакладзе канец ізаляцыі энергетычнага рынку краін Балтыі.

«Мы робім вялікі крок на шляху да злучэння Еўропы. Мы дэманструем еўрапейскую салідарнасць на практыцы. Большая частка гэтых сродкаў будзе выдзелена на новы інтэрканектар у Балтыйскім моры», – дадала старшыня ЕК. Сума ў 493 млн. еўра будзе накіравана на будаўніцтва падводнага кабелю паміж Польшчай і Літвой пад назвай «Harmony Link». Астатнія сродкі будуць фінансаваць трансфармацыю сетак перадачы ў Літве, Латвіі і Эстоніі і мадэрнізацыю інфраструктуры перадачы ў Польшчы.

Поўная сінхранізацыя сетак краін Балтыі з еўрапейскай кантынентальнай сеткай павінна адбыцца да 2025 года.

ав