З пачатку 2021 года ў Літву з Беларусі ўехала амаль 300 нелегальных мігрантаў, у асноўным іракцаў; гэта ў паўтара раза больш, чым за ўвесь мінулы год. На думку ўладаў у Вільні, гэта звязана з наўмыснай палітыкай беларускага рэжыму ў дачыненні да літоўскай дзяржавы.
-Нам не абысціся без намётавага мястэчка, калі колькасць нелегальных мігрантаў будзе расці такімі тэмпамі, – заявіў у размове з літоўскім грамадскім радыё LRT кіраўнік цэнтра рэгістрацыі замежнікаў у Падброддзі Александрас Кісловас.
Кісловас абвясціў, што падрыхтоўка тэрыторыі з намётамі на 350 чалавек ужо пачалася.
Улады Літвы адзначаюць, што праблема нелегальных мігрантаў з Беларусі ўзмацнілася ў канцы мая гэтага года. Па словах міністра ўнутраных спраў Агнэ Білатайце, якая прадставіла праблему парламенту на мінулым тыдні, «кантрабандай (мігрантамі) займаюцца арганізаваныя злачынныя групы, якія дзейнічаюбць у супрацоўніцтве з беларускімі чыноўнікамі». Міністр нагадала словы Аляксандра Лукашэнкі, які заявіў, што Літва будзе «завалена нелегальнымі мігрантамі і наркотыкамі».
Схема перавозкі мігрантаў вядомая. Яны легальна прыбываюць у мінскі аэрапорт прамымі рэйсамі са Стамбула і Багдада. Такіх рэйсаў бывае чатыры на тыдзень. Потым машынамі іх дастаўляюць да беларуска-літоўскай мяжы. Пасля перасячэння зялёнай мяжы іх спыняюць літоўскія памежнікі, якім мігранты падаюць заяву аб прадастаўленні прытулку.
Паводле Білатайце, кантрабанда аднаго чалавека каштуе каля 15 тысяч долараў, а адна сям'я – каля 35 тысяч долараў.
Ва ўмовах нарастаючай праблемы літоўскі ўрад прыняў рашэнне ўзмацніць ахову літоўска-беларускай мяжы, працягласць якой складае прыблізна 600 км. Да канца наступнага года там будзе ўстаноўлена 2 тысячы камер. На гэтыя мэты было выдзелена каля 40 тысяч еўра.
Літоўска-беларуская мяжа няшчыльная. Усяго 38% знаходзіцца пад кантролем, а месцамі нават няма памежнай агароджы. Такім чынам, разглядаецца магчымасць узмацнення фізічнай аховы межаў вайскоўцамі.
ав