Беларуская Служба

Байдэн і Пуцін прынялі агульную пазіцыю адносна стратэгічнай стабільнасці

17.06.2021 08:12
Пасол Расіі вернецца ў Вашынгтон, а амерыканскі – у Маскву, а дзве краіны пачнуць кансультацыі на ўзроўні Міністэрстваў замежных спраў. 
Сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Расіі PAP/EPA/PETER KLAUNZER

Уладзімір Пуцін задаволены перамовамі з Джо Байдэнам. Пра гэта расійскі прэзідэнт гаварыў падчас прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з прэзідэнтам ЗША. Уладзімір Пуцін абвясціў, што пасол Расіі вернецца ў Вашынгтон, а амерыканскі – у Маскву, а дзве краіны пачнуць кансультацыі на ўзроўні Міністэрстваў замежных спраў. Расійскі лідар прызнаўся, што падчас ініцыяванай Джо Байдэнам сустрэчы былі ўзняты пытанні, звязаныя з захаваннем правоў чалавека ў Расіі і дзейнасцю апазіцыйных арганізацый.

Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што дамовіўся з Джо Байдэнам аб прыняцці мер па прадаўжэнні дагавора СНВ, які рэгулюе пытанне скарачэння ядзернай зброі. Расійскі прэзідэнт падкрэсліў, што Масква і Вашынгтон нясуць асаблівую адказнасць за глабальную бяспеку, паколькі з'яўляюцца ядзернымі дзяржавамі. «Прэзідэнт Байдэн прыняў адказнае рашэнне прадоўжыць дзеянне пагаднення START III на 5 гадоў. У гэтым кантэксце ўзнікае пытанне, што рабіць далей, таму мы вырашылі пачаць кансультацыі на міжведамасным узроўні», – сказаў расійскі лідар.

Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія выступае за ўрэгуляванне ўкраінскага канфлікту на аснове мінскіх пагадненняў. Адказваючы на пытанне аб канцэнтрацыі расійскіх войскаў на межах з краінамі НАТА і Украінай, прэзідэнт Расіі паўтарыў, што расійская армія мае права арганізоўваць манеўры па ўсёй краіне – усюды, дзе палічыць патрэбным. Ён таксама заявіў, што Расія не размяшчае свае войскі да межаў ЗША, і што ЗША размяшчаюць свае войскі ўздоўж расійскіх межаў. Адказваючы на пытанні аб зняволенні Аляксея Навальнага і пераследзе апазіцыйных арганізацый, Уладзімір Пуцін у чарговы раз абвінаваціў сваіх апанентаў у дзеяннях на шкоду Расіі. Ён заявіў, што лідэр апазіцыі свядома ігнаруе закон і хацеў быць арыштаваным. Уладзімір Пуцін не згадаў ні пра спробу забойства Аляксея Навальнага, ні пра тое, што расійскія службы падазраюцца ў арганізацыі нападаў на апанентаў Крамля. У гэтым кантэксце ён нагадаў, што Вашынгтон падтрымлівае расійскую апазіцыю, і ў той жа час у афіцыйных дакументах ЗША Расія згадваецца як вораг.

Прэзідэнт Расіі пацвердзіў, што размаўляў з амерыканскім лідарам пра кібератакі. Аднак Уладзімір Пуцін не пацвердзіў, але і катэгарычна не адхіліў адказнасці за дзеянні хакераў. ЗША і іншыя заходнія дзяржавы абвінавачваюць Расію ў арганізацыі кібератак і ўмяшанні ва ўнутраныя дэмакратычныя працэсы. На думку Уладзіміра Пуціна, Масква і Вашынгтон маюць розныя меркаванні па многіх пытаннях, але падчас сустрэчы расійскі і амерыканскі бакі прадэманстравалі гатоўнасць разумець адзін аднаго.

ав