Пасля асуджэння Віктара Бабарыкі Еўрасаюз пагражае рэжыму ў Мінску чарговымі санкцыямі. Заяву па гэтай справе апублікаваў прэс-сакратар кіраўніка дыпламатыі ЕС Пэтэр Стано. Беларускі банкір Віктар Бабарыка, які меў намер удзельнічаць у мінулагодніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, сёння быў прысуджаны да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Прэс-сакратар кіраўніка дыпламатыі ЕС напісаў, што згаданы прысуд зʼяўляецца адным з, як мінімум, 125 несправядлівых прысудаў, вынесеных беларускімі судамі падчас палітычна матываваных працэсаў, якія часта праводзяцца ў закрытым рэжыме. Ён дадаў, што ў цяперашні час у турмах Беларусі знаходзіцца 530 палітычных зняволеных, зафіксаваны выпадкі катаванняў і рэпрэсій супраць усіх сацыяльных груп.
«Рэжым Лукашэнкі парушае міжнародныя правы чалавека, якіх ён абавязаўся падтрымліваць», – гаворыцца ў заяве.
ЕС таксама патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення Віктара Бабарыкі і ўсіх палітычных зняволеных, затрыманых журналістаў і зняволеных за ажыццяўленне сваіх асноўных правоў.
«Сурʼёзныя парушэнні правоў чалавека маюць сваю цану», – дадаў прадстаўнік кіраўніка дыпламатыі ЕС. Ён нагадаў, што з кастрычніка мінулага года Еўрапейскі Саюз паступова ўводзіць санкцыі супраць мінскага рэжыму ў адказ на жорсткія рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў, прадстаўнікоў апазіцыі і журналістаў. Ён дадаў, што ЕС гатовы разгледзець далейшыя абмежаванні супраць Мінска.
аз