Беларуская Служба

У Еўрапарламенце 12 ліпеня пройдзе абмеркаванне сітуацыі з незалежнымі СМІ ў Беларусі

10.07.2021 15:07
Удзел у дыскусіі прымуць еўрадэпутаты, запрошаныя эксперты, у тым ліку з Беларусі.
.
.GregMontani/pixabay.com/CC0

У Еўрапарламенце 12 ліпеня пройдзе абмеркаванне сітуацыі з незалежнымі СМІ ў Беларусі. Як паведамляе прэс-служба Еўрапарламента, удзел у дыскусіі прымуць еўрадэпутаты, запрошаныя эксперты, у тым ліку з Беларусі.

Дадзенае абмеркаванне пройдзе ў рамках створанай Еўрапарламентам платформы па барацьбе з беспакаранасцю ў Беларусі. Платформа была запушчана 26 сакавіка членамі падкамітэту ЕП па правах чалавека, камітэта па замежных справах, дэлегацыяй ЕП па сувязях з Беларуссю і парламенцкай асамблеяй Усходняга партнёрства (Еўранест) для рэгулярнага агляду сітуацыі ў Беларусі і абмеркаванні крокаў па аказанні дапамогі, перадае БелаПАН.

На сустрэчы 12 ліпеня плануецца абмеркаваць сітуацыю, у якой апынуліся беларускія незалежныя СМІ і журналісты, а таксама якую аператыўную і доўгатэрміновую стратэгічную падтрымку ЕС і міжнародная супольнасць могуць аказаць беларускім недзяржаўным СМІ і журналістам-даследчыкам.

Сярод удзельнікаў сустрэчы заяўлены спецдакладчык ААН па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан, прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Тэрэза Рыбейра, адзін з кіраўнікоў праваабарончай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Антуан Бернард, прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці.

За апошнія некалькі дзён у Беларусі прайшлі ператрусы ў рэдакцыях і ў журналістаў больш за дзясятак недзяржаўных медыя. Намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» 8 ліпеня паведаміў аб правядзенні «шырокамаштабнай аперацыі па зачыстцы ад радыкальна настроеных асоб».

ав/naviny.by