У амерыканскім горадзе Серфсайд, штат Фларыда, завершаны пошук ахвяр абвалу жылога дому. Загінула 97 чалавек. Цела адной з ахвяр не ўдалося ідэнтыфікаваць.
12-павярховы жылы дом Champlain Towers South абрынуўся раніцай 24 чэрвеня, калі большасць жыхароў спала. У першыя гадзіны пасля катастрофы пад руінамі былі знойдзеныя некалькі жывых людзей, пазней ішоў пошук целаў загінулых. Пажарныя, у тым ліку спецыялісты з Мексікі і Ізраілю, абшукалі 13 000 тон друзу. Аперацыя некалькі разоў перапынялася з-за пагрозы разбурэння рэшткаў будынку і трапічнай буры.
Прычыны катастрофы пакуль не ўстаноўлены. Мясцовыя ўлады яшчэ тры гады таму папярэджвалі жыхароў аб сур'ёзных пашкоджаннях і памылках падчас будаўніцтва будынку.
IAR/нг