Украінскія ўлады павінны правесці хуткае і эфектыўнае расследаванне смерці Віталя Шышова. Пра гэта заявіла Мэры Стразэрс, дырэктарка Amnesty International ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, паведамляе «Свабода».
«Мы вітаем пачатак расследавання трагічнай смерці Віталя Шышова, – сказала Стразэрс. – Абставіны смерці Віталя наводзяць на думку, што яна звязаная з уладамі Беларусі».
«Рэпутацыя Украіны ў расследаванні забойстваў і нападаў на замежных грамадзян, якія шукаюць прытулку, дагэтуль была дрэнная. Мы спадзяемся, што гэты выпадак будзе іншым», – дадала яна.
Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Украіне» Віталь Шышоў знік раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся з Беларусі ўвосень 2020 году разам з дзяўчынай. 3 жніўня яго знайшлі павешаным у парку непадалёк ад ягонага дому.
Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзве асноўныя версіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваннем самагубства.
У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў Службе бяспекі і Міністэрству ўнутраных справаў забяспечыць безумоўную абарону грамадзянам Беларусі, якія прыбылі ў краіну за апошні год і могуць сутыкнуцца са злачыннымі замахамі ў сувязі з іх палітычнай або грамадскай дзейнасцю.
аз