Беларуская Служба

CNN: ЗША могуць накіраваць Украіне зброю і вайсковых дарадцаў

23.11.2021 09:01
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна разглядае магчымасць адпраўкі ва Украіну дадатковага ўзбраення і вайсковых дарадцаў.
 .
Ілюстрацыйнае фота. shutterstock.com

Пра гэта са спасылкай на свае крыніцы ў амерыканскім урадзе паведаміў тэлеканал CNN.

Новы пакет вайсковай дапамогі Кіеву можа ўключаць у сябе супрацьтанкавыя комплексы «Джавэлін» і мінамёты. ЗША таксама разглядаюць магчымасць адпраўкі пераносных зенітна-ракетных комплексаў «Стынгер» і расійскіх верталётаў Мі-17, якія першапачаткова прызначаліся для афганскага войска.

У Белым доме гэтую інфармацыю каментаваць адмовіліся.

Паводле дадзеных тэлеканалу CNN, у адміністрацыі асцерагаюцца, што такі крок Вашынгтону можа разглядацца Масквой як сур’ёзная эскалацыя сітуацыі.

Раней шэраг амерыканскіх СМІ паведамлялі, што выведка ЗША лічыць верагодным уварванне Расіі ва Украіну. Масква можа пачаць наступ з беларускай тэрыторыі і з анексаванага Крыму, сцвярджаюць крыніцы агенцтва Bloomberg. Прадугледжваецца, што ва ўварванні будуць удзельнічаць 100 груп колькасцю сто тысяч чалавек. Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў лічыць, што ўварванне можа пачацца ў студзені ці лютым 2022 году.

У Крамлі называюць паведамленні аб рыхтаваны уварванні ўкідамі і не выключаюць, што гэта «камуфляж для прыкрыцця агрэсіўных намераў». У расійскай Службе замежнай выведкі параўналі бягучы стан справаў вакол Украіны з сітуацыяй у Грузіі напярэдадні падзеяў 2008 году.

"Радыё Свабода" / вх

Украінская выведка: Расія можа пачаць уварванне ў студзені-лютым, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі

22.11.2021 10:59
Расія можа пачаць актыўныя баявыя дзеянні супраць Украіны ў студзені ці пачатку лютага наступнага года