З пачатку ўварвання ва Украіну расійскія войскі страцілі 12 тысяч вайскоўцаў, – паведаміў у чацвер раніцай у Facebook Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны.
Агульныя баявыя страты расіян, паводле ўкраінскіх дадзеных, на 10 сакавіка складаюць: больш за 12 тысяч чалавек; 335 танкаў; 1105 баявых браніраваных машын; 123 артылерыйскія сістэмы; 56 рэактыўных сістэм залпавага агню; 29 сістэм супрацьпаветранай абароны; 49 самалётаў; 81 верталёт; 526 колавых машын; 3 судны; 60 танкаў; 7 беспілотных лятальных апаратаў.
Украінская армія стрымлівае атакі праціўніка ва ўсіх напрамках; пакуль расійскія войскі падцягваюць рэзервы, паведаміла ў чацвер раніцай Міністэрства абароны Украіны.
«Узброеныя сілы Украіны годна супраціўляюцца і спыняюць ударныя дзеянні Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі на ўсіх напрамках. На некаторых з іх акупацыйныя войскі страцілі баяздольнасць і ўводзяць рэзервы», – паведамілі ў міністэрстве.
У міністэрстве паведамілі, што ў мэтах павышэння баяздольнасці расійскія войскі перакідваюць вайсковыя часткі з іншых стратэгічных напрамкаў да межаў Украіны.
«Імавернасць дыверсій на аб'екты ваеннай і грамадзянскай інфраструктуры захоўваецца», – адзначылі ў міністэрстве.
У заяве міністэрства падкрэсліваецца, што Беларусь працягвае аказваць падтрымку акупацыйным войскам, ствараючы магчымасць транспарціроўкі паліва, выкарыстоўваючы чыгуначную інфраструктуру і сетку аэрапортаў.
Таксама адзначалася, што расійскія войскі не адмаўляюцца ад планаў акружыць Кіеў і што вядзецца наступ, між іншым у бок гарадоў Ізюм, Сумы і Ахтырка, а таксама ў бок Данецка і Таўры.
У аператыўнай зоне Чорнага і Азоўскага мора расійскія войскі працягваюць ізаляваць раён баявых дзеянняў, дадалі ў міністэрстве.
ав