Беларуская Служба

Ва Украіне арыштавалі 51 цыстэрну з палівам з Беларусі

30.04.2022 15:46
Паводле інфармацыі Дзяржаўнага бюро расследаванняў Кіева, пасля ўварвання яны фактычна забяспечвалі лагістыку расійскіх войскаў, якія ішлі ў напрамку Чарнігаў – Сумы.
    ,         ,      - .
Паводле інфармацыі Дзяржаўнага бюро расследаванняў, пасля ўварвання гэты састаў фактычна забяспечваў лагістыку расійскіх войскаў, якія ішлі ў напрамку Чарнігаў - Сумы. Фота з адкрытых крыніц

Следчыя тэрытарыяльнага ўпраўлення Дзяржаўнага бюро расследаванняў (ДБР) Кіева ініцыявалі арышт 51 беларускага чыгуначнага вагона-цыстэрны, якія перасеклі мяжу з Украінай 23 лютага.

Паводле інфармацыі Дзяржаўнага бюро расследаванняў Кіева, пасля ўварвання яны фактычна забяспечвалі лагістыку расійскіх войскаў, якія ішлі ў напрамку Чарнігаў – Сумы. Цыстэрны былі запоўненыя 3 тысячамі тон беларускага і расійскага дызельнага паліва. Прадукцыя нібыта прызначалася нафтакампаніям, якія ўваходзяць у сферу ўплыву алігарха Віктара Медведчука.

Пасля вызвалення Чарнігаўшчыны следчыя ДБР ініцыявалі хадайніцтва ў Пячэрскі раённы суд аб арышце выяўленай маёмасці. Цяпер прымаюцца меры па перадачы канфіскаванага Агенцтву па вышуку і менеджменце актываў, а ў далейшым – Узброеным сілам Украіны.

Паведамляецца, што некаторыя з цыстэрнаў пасля баявых дзеянняў УСУ «пашкоджаныя», але пасля вынікаў экспертызы і рамонту таксама пойдуць на патрэбы дзяржавы.

Па дадзеным факце заведзеная крымінальная вытворчасць па ч. 1 арт. 437 КК Украіны – «Планаванне, падрыхтоўка ці развязванне агрэсіўнай вайны ці ваеннага канфлікту, а таксама ўдзел у змове, накіраванай на здзяйсненне такіх дзеянняў».

Дасудовае расследаванне працягваецца. Працэсуальнае кіраўніцтва ажыццяўляе Кіеўская гарадская пракуратура.

вх