Беларуская Служба

У. Зяленскі на Эканамічным форуме ў Давосе заявіў, што вайны б не было, калі б свет раней увёў санкцыі

23.05.2022 17:39
 У цяперашні час абмежаванні ў дачыненні Расіі недастатковыя.
.
У. Зяленскі на Эканамічным форуме фота: PAP/EPA/LAURENT GILLIERON

Уладзімір Зяленскі звярнуўся да ўдзельнікаў эканамічнага форуму ў Давосе з заклікам увесці далейшыя санкцыі супраць Расіі, а таксама аказаць эканамічную і ваенную дапамогу Украіне. Прэзідэнт Украіны казаў пра знішчэнні ў яго краіне ў выніку вайны.

Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што калі б свет у патрэбны час ужыў адпаведныя санкцыі супраць Расіі, вайны б не было. У цяперашні час, дадаў ён, абмежаванні ў дачыненні Расіі недастатковыя. Ён заклікаў свет не чакаць, пакуль Расія выкарыстае хімічную, біялагічную або ядзерную зброю, а рэагаваць максімальнымі санкцыямі. Як ён растлумачыў, гэта павінна быць эмбарга на расійскую нафту, поўная блакада расійскіх банкаў і расійскага высокатэхналагічнага сектара, але і поўнае прыпыненне гандлю з агрэсарам.

Украінскі прэзідэнт таксама заклікаў стварыць фонд для аднаўлення шкоды, нанесенай Расіяй. Асновай такога фонду стануць замарожаныя расейскія актывы. Ён таксама заклікаў краіны далучыцца да пасляваеннага аднаўлення Украіны.

На Сусветным эканамічным форуме адкрылася выстава, прысвечаная расійскім злачынствам ва Украіне. Выстава была арганізавана на стэндзе, дзе дагэтуль былі прадстаўленыя расійскія кампаніі.

IAR PR/нг