Энергетычная Кампанія PGE плануе дапамагчы аднавіць электразабеспячэнне ва Украіне, KGHM рэканструяваць украінскія заводы, а банкі прапануюць фінансаванне. Так выглядае прапанова польскіх дзяржкампаній на пасляваенны перыяд для Украіны, паведамляе «Puls Biznesu».
Выданне нагадвае, што на пачатку мая віцэ-прэм'ер міністр дзяржактываў Яцэк Сасін заявіў, што падрыхтуе калектыўную прапанову дзяржаўных кампаній у сувязі з будучай рэканструкцыяй Украіны. Паводле штодзёнкі, падтрымаць украінскі энергетычны сектар гатовая найбуйнейшая польская энергетычная кампанія PGE – уладальнік самай буйной сеткі перадачы энергіі ў краіне.
Дапамагчы Украіне гатовы таксама адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў медзі – канцэрн KGHM, у склад якога ўваходзяць шахты, металургічныя заводы, а таксама інжынерныя і будаўнічыя кампаніі. «Супрацоўнічаць можна ў плане абнаўлення вытворчых магутнасцяў мясцовых горназдабыўных камбінатаў або пастаўкі сталі і металургічнай прадукцыі», – заяўляе кіраўніцтва KGHM.
Магчымасць удзелу ў будучай рэканструкцыі Украіны разглядае таксама «Польскі абаронны холдынг» (раней гэта кампанія «Бумар»).
«Puls Biznesu» таксама дадае, што над спосабамі дапамогі Украіне, пасля заканчэння вайны, задумоўваецца таксама фінансавая галіна ў Польшчы. Апытанне на гэты конт сярод фінансавых установаў у краіне праводзіць банк Pekao. Падобныя заявы паступаюць ад банка PKO BP, які працуе ва Украіне праз сваю даччыную кампанію Kredobank і гатовы падтрымаць рэканструкцыю краіны шляхам фінансавання інвестыцый.
аз