Беларуская Служба

ЗША на гэтым тыдні могуць аб'явіць аб перадачы Украіне танкаў Abrams

24.01.2023 21:01
Перадача павінна стаць часткай дамоўленасцей з Берлінам, каб ФРГ перадала танкі Leopard і адобрыла іх перадачу краінамі ЕС.
 Abrams
Танкі Abrams амерыканскай вытворчасці неўзабаве з'явяцца ў Войску Польскім Twitter.com/@mblaszczak

Адміністрацыя Джо Байдэна можа абвясціць перадачу Украіне танкаў Abrams ужо на гэтым тыдні, каб паўплываць на Германію, каб тая, у сваю чаргу, перадала Украіне танкі Leopard.

Як піша выданне The Wall Street Journal са спасылкай на амерыканскіх афіцыйных асоб, перадача павінна стаць часткай дыпламатычных дамоўленасцей з Берлінам, каб ФРГ перадала невялікую колькасць танкаў Leopard і адобрыла іх перадачу краінамі ЕС. Гэта ўладзіла б рознагалоссі Захаду па танках, перадача якіх, на думку некаторых краін, можа прывесці да эскалацыі баявых дзеянняў.

Па словах суразмоўцаў выдання, змена пазіцыі ЗША адбылася пасля тэлефоннай размовы з Олафам Шольцам 17 студзеня, падчас якой Байдэн пагадзіўся разгледзець пытанне аб пастаўцы танкаў Abrams, нягледзячы на рашэнне Пентагона. Перадача Украіне танкаў была прадметам інтэнсіўных амерыкана-нямецкіх перамоваў, адзначыла крыніца WSJ у Берліне.

Пентагон публічна выключаў пастаўкі Украіне танкаў Abrams, аргументуючы гэта тым, што гэтая тэхніка патрабуе значнай падрыхтоўкі асабовага складу і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, паведамляе агенцтва УНІАН.

вс