Беларуская Служба

Міхаіл Саакашвілі пра Леха Качыньскага: «Ён ахвяраваў жыццём за Грузію, Смаленск быў рэваншам за Тбілісі»

12.04.2023 15:04
Былы грузінскі прэзідэнт згадаў Леха Качыньскага ў гадавіну Смаленскай катастрофы.
Maria i Lech Kaczyńscy (2009)
Maria i Lech Kaczyńscy (2009)Kancelaria Prezydenta RP/archiwum

«Лех Качыньскі быў маім палітычным настаўнікам і роднаснай душой, а значыць, больш чым проста сябрам; гэты вялікі польскі герой з’яўляецца таксама нацыянальным героем Грузіі», – напісаў былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, які знаходзіцца пад арыштам на радзіме. «Ён ахвяраваў жыццём за Грузію, таму што я дакладна ведаю, што Смаленск быў рэваншам за Тбілісі ў 2008 годзе», – ацаніў ён.

Палітык спаслаўся на 13-ю гадавіну Смаленскай катастрофы, у якой загінулі прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі. На думку Саакашвілі, у смерці экс-прэзідэнта Польшчы вінаватыя Расія і асабіста Уладзімір Пуцін.

«Пуцін забіў яго, а цяпер забівае мяне», – напісаў ён, каментуючы падзеі 10 красавіка 2010 года. На ягоную думку, тое, што адбылося ў Смаленску, было «помстай Тбілісі ў 2008 годзе», гэта значыць тагачасным дыпламатычным абавязацельствам прэзідэнта Качыньскага спыніць расійскую агрэсію супраць Грузіі.

«Качыньскі ахвяраваў сваім жыццём за Грузію. (...) Аднойчы ён мне сказаў – розніца паміж табой і мной у тым, што, дзякуючы сяброўству Польшчы ў ЕС, я застануся жывы пасля свайго прэзідэнцтва, а ты можаш памерці. Ну вось, Пуцін забіў яго, а цяпер забівае мяне», – напісаў Саакашвілі, маючы на ўвазе час знаходжання пад вартай і сур'ёзныя праблемы са здароўем.

«У мяне было шмат сяброў у тым самалёце. Усё роўна перад адʼездам мне патэлефанаваў Лех і прапанаваў ляцець з ім, бо сярод забітых (саветамі ў Катыні ў 1940 г.) польскіх афіцэраў было і шмат грузінаў. Я адказаў, што ў такім выпадку самалёт ніколі не даляціць да месца прызначэння, бо не зможа прызямліцца. Ну, трагедыя адбылася і без маёй прысутнасці (на борце)», – напісаў Саакашвілі.

Палітык таксама нагадаў абставіны, якія суправаджалі яго паездку на пахаванне прэзідэнта праф. Леха Качыньскага ў Кракаве.

«Я атрымаў гэтую шакавальную навіну падчас паездкі ў ЗША. Прыйшлося спяшацца назад, таму што еўрапейскія аэрапорты зачыняліся адзін за адным. Мы ляцелі ў Еўропу на невялікім прыватным самалёце, даўжэйшым маршрутам на поўдзень. Пазней нас чакаў самалёт прэзідэнта Грузіі. Мы хлусілі авіядыспетчарам у Італіі і Турцыі, нават не пыталіся дазволу ва ўкраінцаў і ўрэшце прызямліліся ў Кракаве», – паведаміў былы лідар Грузіі.

«Па волі лёсу я ўвайшоў у Вавель менавіта ў той момант, калі пахавальная працэсія накіроўвалася да месца спачыну (Леха Качыньскага). Я не ведаў, што рабіць, бо гэта ўжо была прыватная сямейная ўрачыстасць. Яраслаў Качыньскі ўбачыў мяне. Ён жэстам папрасіў мяне далучыцца. Я запомню гэты момант на ўсё жыццё», – прызнаўся Саакашвілі.

12 жніўня 2008 г. падчас расійскага ўварвання ў Грузію тагачасны прэзідэнт Польшчы праф. Лех Качыньскі разам з кіраўнікамі Украіны, Літвы, Латвіі і Эстоніі накіраваўся ў Тбілісі, дзе падчас мітынгу выступіў з прамовай.

«Мы выдатна ведаем, што сёння – Грузія, заўтра – Украіна, паслязаўтра – краіны Балтыі, а пазней, магчыма, прыйдзе час маёй краіны, Польшчы», – так ацэньваў тады прэзідэнт Качыньскі, прагназуючы далейшыя агрэсіўныя дзеянні Расіі ў дачыненні суседніх краін.

Саакашвілі займаў пасаду прэзідэнта Грузіі ў 2004-07 і 2008-13 гг. З восені 2021 года палітык знаходзіцца пад вартай. На думку многіх грузінскіх і заходніх праваабаронцаў, стан здароўя былога кіраўніка дзяржавы настолькі цяжкі, што пагражае яго жыццю.

TVP/нг