Беларуская Служба

Вайна ва Украіне выгадна для Кітая

07.06.2023 14:57
«Паднябесная» зафіксавала рэкордны ўзровень тавараабароту з Расіяй.
Здымак мае ілюстрацыйны характарPAP/EPA/YURI KOCHETKOV

Паводле апублікаваных у сераду дадзеных Галоўнага мытнага ўпраўлення КНР, тавараабарот паміж Расіяй і Кітаем у траўні дасягнуў рэкорднага ўзроўню - 20,5 млрд долараў, перадае агенцтва AFP.

Нядаўна апублікаваныя мытныя дадзеныя паказваюць, што аб'ём кітайскага імпарту з Расіі ў траўні склаў 11 мільярдаў долараў, а экспарт у Расію – 9 мільярдаў долараў.

Тавараабарот з Расіяй узмацніўся ў адрозненне ад сусветнага знешняга гандлю Кітая, які ў траўні скараціўся на 7,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, – вынікае з мытных дадзеных.

Са студзеня па май 2023 года кітайска-расійскі тавараабарот склаў 93 мільярды долараў ЗША і павялічыўся на больш чым 40 працэнтаў.

Кітай – найбуйнейшы гандлёвы партнёр Расіі. Паводле звестак кітайскай мытні, тавараабарот паміж дзвюма краінамі дасягнуў у мінулым годзе рэкордных 190 мільярдаў долараў.

На сакавіцкім саміце лідар Кітая Сі Цзіньпін і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паабяцалі павялічыць тавараабарот да 200 мільярдаў долараў да канца 2023 года, падкрэсліўшы сваё партнёрства «без межаў».

яс/PAP