Беларуская Служба

ISW: Украіна правяла контрнаступальныя дзеянні як мінімум на трох участках фронту

09.06.2023 10:50
Паводле звестак ISW, украінскія войскі дасягнулі лакальных тактычных поспехаў у заходняй частцы Данецкай вобласці.
Trwa ukraińska kontrofensywa
Trwa ukraińska kontrofensywaFB/Генеральний штаб ЗСУ

У ноч з 7 на 8 чэрвеня Украіна правяла контрнаступальныя дзеянні як мінімум на трох участках фронту ў рамках больш шырокага контрнаступу, які працягваецца з нядзелі, паведамляюць аналітыкі Інстытута даследаванняў вайны (ISW).

ISW са спасылкай на ўкраінскі бок адзначае, што ў раёне Бахмута ўкраінцы перайшлі з абароны ў атаку і прасунуліся ў горадзе прыкладна на 200 м, а на яго ўскраінах – амаль на 2 км.

Паводле звестак ISW, украінскія войскі дасягнулі лакальных тактычных поспехаў у заходняй частцы Данецкай вобласці. Акрамя таго, наступальныя аперацыі вяліся на захадзе запарожскай вобласці, але, мяркуючы па ўсім (на момант публікацыі), яны не прынеслі ніякага прагрэсу.

Паводле ISW, расіяне добра арганізавана абараняліся на запарожскім участку і ў выніку павінны былі вярнуць ранейшыя пазіцыі. У цэнтры таксама адзначаюць, што падчас гэтых баёў украінцы, хутчэй за ўсё, страцілі ваенную тэхніку з заходніх паставак. У ISW адзначаюць, што страты з украінскага боку непазбежныя і не вызначаюць ход контратакі. «Нельга перабольшваць наступствы першапачатковых страт заходняй або любой іншай тэхнікі, асабліва калі размова ідзе пра аперацыі па пранікненні на ўмацаваныя абарончыя пазіцыі», – гаворыцца ў паведамленні.

«Украінскія атакі ў заходняй частцы Запарожскай вобласці не адлюстроўваюць поўнага патэнцыялу Украіны падчас цяперашняга контрнаступлення», – ацанілі ў ISW, адзначыўшы, што Украіна здольная весці скаардынаваныя і эфектыўныя дзеянні з выкарыстаннем некалькіх механізаваных брыгад, што і даказала падчас контрнаступлення ў Харкаўскай вобласці ў верасні мінулага года, перад буйнымі пастаўкамі заходняга абсталявання і дадатковым навучаннем.

«Контрнаступленне, верагодна, будзе складацца з некалькіх элементаў рознага маштабу, уключаючы лакалізаваныя атакі, і больш дробныя мерапрыемствы», – гаворыцца ў паведамленні.

Перад контрнаступленнем Украіна павінна была сфармаваць дадатковыя сілы ў колькасці каля 12 брыгад, у тым ліку дзевяць з заходняй тэхнікай. Паводле ацэнак экспертаў Інстытута даследавання вайны, на сучасным этапе задзейнічана толькі частка гэтага буйнога рэзерву, таму на гэтым пачатковым этапе не варта рабіць паспешлівых высноў адносна контрнаступальнага патэнцыялу.

PAP / вх