Беларуская Служба

Чэхія вядзе перамовы аб падрыхтоўцы ўкраінскіх пілотаў

10.08.2023 18:21
Верагодна, украінскія пілоты маглі б рыхтавацца на авіябазе ў горадзе Пардубіцы ў цэнтральнай Чэхіі.
 F-16
Знішчальнік F-16wikipedia/public domain

Чэхі вядуць перамовы аб падрыхтоўцы ўкраінскіх пілотаў, паведамляе «Deník N». Па дадзеных газеты, Чэхія можа заняць важнае месца ў кааліцыі краін, якія дапамогуць Украіне ў будаўніцтве авіяцыі на базе самалётаў F-16.

Верагодна, украінскія пілоты будуць навучацца на авіябазе ў горадзе Пардубіцы ў цэнтральнай Чэхіі, дзе ёсць сімулятар амерыканскага знішчальніка F-16. У цяперашні час вядзецца абмен дакументацыяй аб аб'ёмах магчымага навучання.

Міністр абароны Чэхіі Яна Чэрнахова заявіла, што пакуль немагчыма вызначыць, калі і ці наогул пачнуць украінскія лётчыкі вучэнні ў Чэхіі. Як яна падкрэсліла, спачатку ўкраінскі бок павінен выказаць зацікаўленне прапановай чэхаў. Таксама спатрэбіцца згода Даніі і Нідэрландаў – краін, якія ўзначальваюць так званую «кааліцыю знішчальнікаў». «Будзем спадзявацца, што ўсё пройдзе як мага хутчэй», – дадала міністр.

«Deník N» спаслаўся на нядаўна апублікаваны здымак Уладзіміра Зяленскага, які тэстуе авіясімулятар, перададзены Украіне Чэхіяй. Газета патлумачыла, што прэзідэнт правяраў партатыўны трэнажор, распрацаваны чэшска-амерыканскім стартапам, які ўжо больш за год знаходзіцца ва ўкраінскай авіяцыі.

IAR/аз