Беларуская Служба

Расійскі навуковец з Акадэміі навук вербаваў грамадзян Кубы на вайну ва Украіне

29.09.2023 12:21
Кубінцаў клікалі працаваць на будоўлях у тыле РФ, але пазней уручылі форму і кантракты Мінабароны РФ.
Уладзімір ШкуноўФота з Facebook Шкунова, апублікаванае Cubanet

У пачатку верасня МУС Кубы паведаміла пра раскрыццё сеткі вярбоўкі наймітаў для вайны ва Украіне на баку Расіі. Па гэтай справе затрымалі 17 жыхароў Кубы: трое з іх удзельнічалі ў схеме вярбоўкі, а астатнія 14 чалавек прызналіся, што добраахвотна ўступілі ў шэрагі наймітаў у абмен на расійскія пашпарты, аплату квіткоў на самалёт і грашовую ўзнагароду. Схема вярбоўкі пачала дзейнічаць летам 2022 года, уся камунікацыя вялася праз сацсеткі. Пры гэтым арганізатары адбіралі мужчын з бедных сем'яў або з крымінальным мінулым.

Кубінскае выданне Cubanet у артыкуле “Хто вярбуе кубінскіх наймітаў у Расіі” апытала завербаваных хлопцаў. Тыя распавялі журналістам, што яны атрымлівалі паведамленні ў Messenger з прапановай працы на будаўніцтве. Такая прапанова выкарыстоўвалася, каб схаваць удзел у вайне супраць Украіны.

Не ўсе з больш як дзясятка апытаных пагадзіліся на такую прапанову. А тыя, хто пагадзіўся, расказалі, што прайшлі спецыяльную падрыхтоўку ў пяхоце і па баявых мастацтвах. Іх таксама запрасілі на размову пра дружбу паміж Кубай і Расіяй, якую правялі кубінскія вайскоўцы.

Васьмёра чалавек, апытаных Cubanet, пацвердзілі, што перад тым, як быць завербаванымі ў якасці наймітаў ва ўзброеных сілах РФ, яны служылі ў кубінскай арміі.

Вербаваў іх гісторык Уладзімір Шкуноў — вядучы навуковы супрацоўнік Паволжскага аддзялення Інстытута гісторыі Расіі РАН, член Экспертнага савета пры ўрадзе Расійскай Федэрацыі. З 2021 года ён кіруе групай «Расія для кубінцаў» у Facebook.

З красавіка 2019 года Шкуноў працуе галоўным прадстаўніком Ульянаўскага рэгіянальнага аддзялення Расійскага таварыства дружбы з Кубай, звязанага з Кубінскім інстытутам дружбы народаў і пасольствам Кубы ў Маскве. Шкуноў падтрымлівае рэгулярныя кантакты з пасольствам Кубы, пра што распавядае ў сацыяльных сетках.

Ён наўпрост вербаваў кубінцаў і пісаў ім у сацыяльных сетках. Спачатку прапанаваў працу на будаўніцтве, а потым пытаў, ці хоча чалавек пайсці ў расійскае войска, дзе добра плацяць.

яс/Новы час