Камандуючы румынскай арміяй заявіў, што Расія глушыць сігнал GPS для караблёў у румынскіх тэрытарыяльных водах. Паводле яго слоў, гэта стварае высокую рызыку сутыкнення суднаў, якія плаваюць у Чорным моры.
Генерал Даніэль Пятрэску заявіў у Бухарэсце падчас Еўраатлантычнага форуму ўстойлівасці, што вайна ва Украіне асабліва адчуваецца на так званым усходнім флангу НАТА, часткай якога з'яўляецца Румынія.
«Вайна Расійскай Федэрацыі ва Украіне фундаментальна дэстабілізавала Чарнаморскі рэгіён і стварыла пачуццё небяспекі сярод прыбярэжных краін, што мае сурʼёзныя наступствы», – сказаў генерал Пятрэску.
Глушэнні спадарожнікавай навігацыі могуць прывесці да сутыкнення караблёў. Як нагадаў вайсковец, расійскія ракеты таксама выпускаюць у бок Украіны з раёна Чорнага мора. Гэта стварае рызыку выпадковага пашкоджання румынскай інфраструктуры або гандлёвых суднаў.
Таксама расійскія марскія міны неаднаразова ўсплывалі з вады, што можа прадстаўляць пагрозу не толькі для караблёў, але і для мірнага насельніцтва на берагах мора.
яс