Гэтай ноччу расіяне абстрэльвалі жылыя кварталы Херсону і населеныя пункты на правым беразе. У выніку абстрэлаў пацярпелі больш за 10 чалавек, у тым ліку немаўля, паведаміў кіраўнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін. Пашкоджаныя жылыя дамы, аўтамабілі, газаразмеркавальныя сеткі. Некаторыя снарады не разарваліся. Іх ліквідавалі ратавальнікі.
Па словах Пракудзіна, пацярпелі 11 жыхароў Херсона, у прыватнасці, 27-гадовая жанчына і яе 9-месячная дачка былі шпіталізаваныя ў стане сярэдняй цяжкасці. Акрамя таго, сярод параненых 33-гадовы медык Чырвонага Крыжа, у якога зафіксаваныя выбуховая траўма і кантузія, мужчына шпіталізаваны.
«У некалькіх жыхароў Херсона была вострая рэакцыя на стрэс. Іх прыйшлося даставіць у бальніцу. Гэта двое сужэнцаў – 67-гадовы мужчына і 63-гадовая жонка, а таксама 56-гадовы мужчына і 54-гадовая жанчына. А таксама дзве жанчыны ва ўзросце 87 і 62 гады», – сказаў кіраўнік АВА. Акрамя таго, лекары аказвалі дапамогу 24- і 34-гадовым мужчынам на месцы нападаў.
Пракудзін удакладніў, што гэтай ноччу расіяне таксама абстралялі Станіслаў – цяпер высвятляюцца наступствы атакі з «Градаў».
Паводле дадзеных украінскіх вайскоўцаў, цяпер сітуацыя на поўдні краіны застаецца стабільна напружанай. Расійскія акупанты працягваюць абстрэльваць мірныя населеныя пункты правабярэжжа Херсонскай вобласці. У прыватнасці, за мінулыя суткі расіяне выпусцілі 55 артылерыйскіх агнястрэльных залпаў з больш чым 290 снарадаў.
Крыніца: УНІАН
нг