Каб паўтарыць энергетычны тэрор падчас абагравальнага сезону ва Украіне, Расія назапашвае крылатыя ракеты. Пра гэта ў эфіры «24 канала» заявіла кіраўніца Абʼяднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра войскаў абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк, каментуючы сітуацыю з тым, што расіяне ўсё часцей наносяць удары па тэрыторыі Украіны балістычнымі і звышгукавымі ракетамі, а крылатыя ракеты сталі выкарыстоўваць радзей.
Яна дадала, што расіяне, верагодна, назапашваюць крылатыя ракеты. «Яны могуць выкарыстоўваць ракеты Х-101, Х-555, Х-55 для нанясення масіраваных ракетных удараў у абагравальны сезон», – сказала Гумянюк.
Паводле яе слоў, не выключана, што Расія хоча паўтарыць леташні энергетычны тэрор супраць Украіны. Пры гэтым, цяпер праціўнік выкарыстоўвае балістыку і звышгукавыя ракеты, якія ён сам хваліць, каб падтрымліваць напружанасць і паказваць «перамогі», паколькі іх няма на фронце.
«Цяпер, каб захаваць эфект сваёй пастаяннай прысутнасці, пастаяннай пагрозы, каб падтрымліваць напружанне, яны могуць кропкавымі ракетнымі ўдарамі з выкідам балістыкі, звышгукавымі ракетамі прадэманстраваць, што яны яшчэ не прайгралі», – адзначыла Гумянюк.
УНІАН/нг