Беларуская Служба

Джо Байдэн: Наступнай пасля Украіны магла быць Польшча

16.10.2023 11:01
ЗША здольныя падтрымліваць Украіну і Ізраіль адначасова, запэўніў лідар ЗША.
Прэзідэнт ЗША Джо БайдэнPAP/EPA/MICHAEL REYNOLDS

Нельга дазволіць Расіі акупаваць Украіну, таму што наступнымі па чарзе могуць быць такія краіны, як Польшча, заявіў прэзідэнт Джо Байдэн. У інтэрв'ю тэлеканалу CBS амерыканскі лідар заявіў, што ЗША здольныя падтрымліваць Украіну і Ізраіль адначасова. Тэму працягвае карэспандэнт Марэк Валкускі:

- Выступаючы ў папулярнай праграме «60 хвілін», Джо Байдэн заявіў, што адной з яго мэтаў было перашкодзіць Пуціну ў акупацыі Украіны, якая мяжуе з хаўруснікамі ЗША па НАТА.

«Давайце ўявім, што было б цяпер, калі б яму гэта ўдалося. Ці была ў Еўропе нейкая буйная вайна, у якую мы не былі ўцягнутыя? Мы не хочам, каб гэта адбылося», – сказаў палітык.

Амерыканскі прэзідэнт выказаў перакананне, што Пуцін не спыніўся б на Украіне і мог бы напасці на такія краіны, як Польшча, што азначала б уступленне ЗША ў вайну.

Джо Байдэн супакоіў, што ў ЗША ёсць патэнцыял справіцца з абодвума сусветнымі крызісамі – у Ізраілі і ва Украіне.

«Мы самая магутная краіна ў гісторыі свету. Мы можам справіцца з абедзвюма сітуацыямі і пры гэтым захаваць сваю абароназдольнасць на міжнароднай арэне», – запэўніў прэзідэнт Байдэн.

IAR/аз