Эксперт: эфектыўны контрнаступ патрабуе альбо раптоўнасці, альбо вялікіх рэсурсаў, здольных зламаць абарону праціўніка, а ва ўкраінцаў не было ні таго, ні другога.
«Для эфектыўнага наступлення неабходна прарываць фронт альбо раптоўным ударам, нават меншымі сіламі, з выхадам у тыл праціўніка, альбо паслядоўным, хваля за хваляй, ударам па лініі абароны. Апошні сцэнар патрабуе вялікіх рэсурсаў і колькаснай перавагі, умоўна 3 да 1», — тлумачыць «абмежаваныя поспехі» ўкраінскага контрнаступу на поўдні Украіны галоўны рэдактар «Nowa Technika Wojskowa» Марыюш Цельма.
Як зазначае эксперт, такіх сіл ва ўкраінцаў не было і «быць не магло». «Заходні пакет дапамогі быў не малым, але і недастатковым для прарыву, асабліва ва ўмовах, калі праціўнік працяглы час рыхтаваўся да абароны і выбудаваў шматслаёвую лінію ўмацаванняў, названую Лініяй «Суравікіна», — кажа эксперт.
«Эфекту нечаканасці, падобнага таму, які мы назіралі ў мінулым годзе ў Харкаўскай вобласці, быць не магло. Аб украінскім контрнаступленні гаварылі за шмат месяцаў да яго пачатку. Расіяне паспелі акапацца, а таксама змаглі прадказаць, дзе будуць атакаваць украінцы», — дадае эксперт. Па словах Цельмы, «гэтая вайна характарызуецца тым, што абодва бакі ведаюць шмат пра праціўніка».
У сваю чаргу ўкраінскае войска апынулася ў падобнай да расійскай сітуацыі ў баях пад Бахмутам, Саледарам і — цяпер — Аўдзееўкай. «Яны павінны рухацца наперад, выходзіць за межы бяспекі сваіх уласных ліній, і гэта - ва ўмовах адсутнасці кантролю над небам, падвяргае іх нападам, - тлумачыць Цельма.
РАР