Украінскія вайскоўцы прызнаюць, што сітуацыя на фронце вельмі складаная. Расіяне працягваюць моцны наступ на Данбасе, Запарожжы і на паўночным усходзе ў раёне Купянска.
Раман, намеснік камандзіра разведвальнай роты, які дагэтуль ваяваў, у тым ліку ў Бахмуце і Аўдзееўцы, у інтэрв'ю Польскаму радыё распавёў, што нядаўна, усяго за тыдзень, яго падраздзяленне страціла палову жаўнераў.
Вораг шукае слабое месца ва ўкраінскай абароне і кідае ў бой велізарныя сілы. Тым не менш украінцы намагаюцца любой цаной утрымаць свае пазіцыі:
- У нас людзей мала, у расіян – шмат. Тэхніка – у залежнасці ад віду. Зараз, напрыклад, трагедыя з артылерыяй. Цяжка нешта сказаць, бо сітуацыя дынамічна – мяняецца пастаянна. Паводле мяне, не будзе так, што пераможа Украіна, ці пераможа Расія. Вайну пачалі палітыкі і палітыкі яе скончаць. Звычайныя людзі стараюцца справіцца з сітуацыяй, і паміраць за гэта.
Тарас ваюе на паўночна-ўсходнім участку фронту. Там ужо месяц працягваецца новы наступ расіян, якія хочуць адбіць важны чыгуначны вузел – Купянск. Ён паўгода не быў у адпачынку, але, нягледзячы на стомленасць, захоўвае добры настрой. Ён лічыць, што энтузіязм украінскіх войскаў дазволіць ім перамагчы праціўніка, які мае вялікую перавагу і кідае ў бой вялікую колькасць тэхнікі:
- Дроны, авіяцыя – Расія кідае на нас усё, што можа.Сітуацыя цяжкая, але мы трымаемся і абараняем нашую Айчыну. Трымаемся – што больш скажаш. Як гавораць; пакуль сэрца будзе біцца, то будзем змагацца.
Анджэй – былы вайсковец, які ваяваў на Данбасе ў пачатку вайны з 2014 года. Сёння ён валанцёр, які збірае і адпраўляе ежу і рыштунак для салдат на фронт. Паводле яго, ва Украіне паціху губляюць веру ў тое, што ўлады ў Кіеве здольныя дамагчыся перамогі над Расіяй. Ён таксама падкрэслівае, што на маральны дух украінцаў і вайскоўцаў негатыўна паўплывала нядаўняе рашэнне прэзідэнта Зяленскага адправіць у адстаўку галоўнакамандуючага ўкраінскімі сіламі:
- Адправілі Залужнага – які карыстаўся вялікай папулярнасцю, як сярод вайскоўцаў, так і мірных жыхароў. Фронт трымаўся на Залужным. Далі Сырскага, якога не цікавіць лёс жаўнераў і мірных грамадзян. Ён проста выконвае загады, а гэта не да канца добра.
Масква працягвае масіраваныя абстрэлы ўкраінскіх пазіцый і гарадоў з выкарыстаннем ракет і беспілотнікаў. У прыфрантавых гарадах увесь час чуваць выбухі. У той жа час украінскія вайскоўцы кажуць пра недахоп боепрыпасаў і дрэннае забеспячэнне. Многія з іх даўно не былі ў водпуску і не маглі адпачыць.
Украінцы прадугледжваюць, што Расія неўзабаве пачне чарговы буйны наступ, мэтай якога можа быць перакрыццё дарогі Данбас-Запарожжа на ўсходзе і паўторны ўдар па Харкаву на паўночным усходзе.
IAR/аз