Беларуская Служба

Прэзідэнт Францыі анансаваў закон аб асіставаным суіцыдзе

11.03.2024 18:01
Прэзідэнцкі законапраект крытыкуюць эксперты, духавенства і медыцынскія работнікі.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон PAP/EPA/TERESA SUAREZ / POOL

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон абвясціў, што ўнясе законапраект аб асіставаным суіцыдзе. Новы закон будзе тычыцца магчымасці пазбаўлення жыцця пацыента па яго жаданні.

Праект прэзідэнта ўжо выклікае спрэчкі. Эмануэль Макрон заявіў у інтэрв'ю каталіцкай штодзёнцы La Croix, што «дапамога ў смерці» павінна быць магчымая пры строга вызначаных умовах. Закон прызначаны толькі для дарослых, якія цалкам усведамляюць свае дзеянні, у тым ліку асобаў, якія пакутуюць ад невылечнай хваробы, якая выклікае невыносны боль, якога немагчыма палегчыць.

Згоду на асіставаны суіцыд павінны прымаць лекары. Пацыент змог бы прымаць адпаведнае рэчыва самастойна, з дапамогай блізкага чалавека або медыцынскага персаналу, застаючыся дома, у бальніцы або ў доме для пажылых людзей.

Чакаецца, што ў красавіку прэзідэнцкі праект паступіць у Савет Міністраў, а ў траўні – у парламент.

Прэзідэнцкі законапраект крытыкуюць эксперты, духавенства і медыцынскія работнікі. Пятнаццаць арганізацый лекараў і медсясцёр напісалі ў сумесным звароце, што іх галасы праігнаравалі, і што яны не жадаюць несці адказнасць за смерць пацыентаў. На іх думку, прэзідэнцкі праект – гэта проста эўтаназія, якая зараз у Францыі забароненая.

IAR/аз