Гэтае лета ў Італіі з экстрэмальнай спёкай можа прайсці па сцэнары, падобным да лета 2003 года, аднаго з самых катастрафічных за апошнія дзесяцігоддзі – папярэджваюць эксперты Нацыянальнага камітэта навуковых даследаванняў. Тады ў Еўропе з-за спёкі загінула больш за 20 000 чалавек, у тым ліку 4000 у Італіі.
Метэаролаг Тамаза Тарыджані, якога цытуе Il Messaggero, заявіў, што бачыць аналогіі з тым драматычным летам, калі была зафіксавана хваля смерцяў, асабліва сярод пажылых людзей.
У гэтым годзе найбольшай спёкі варта чакаць паміж ліпенем і жніўнем – без ападкаў і з трапічнымі начамі з тэмпературай значна вышэй за 20 градусаў.
Эксперты тлумачаць, што гэта найбольш прыкметнае сведчанне змены клімату, якое аслабіла ахоўную ролю Азорскага антыцыклону. Менавіта ён забяспечваў больш мяккае і стабільнае лета ў Італіі ў 1980-х гадах. Цяпер сцэнар змяніўся, і пастаянная моцная спёка ўяўляе ўсё большую пагрозу для грамадскага здароўя.
Эксперты заклікаюць усіх быць асцярожнымі. Італьянскія СМІ адзначаюць, што гэтыя заклікі павінны дайсці і да замежных турыстаў, якія гадзіны праводзяць на сонцы ў гарадах і на пляжах. Найважнейшае – падтрымліваць водны рэжым і лёгкую дыету.
Сярод шматлікіх парад – пазбягаць заняткаў спортам на вуліцы ў самы гарачы час сутак. Людзям, у якіх няма кандыцыянера дома, рэкамендуецца праводзіць час у гандлёвых цэнтрах або з сябрамі і сваякамі, у якіх ён ёсць.
«Сумеснае карыстанне кандыцыянерам з іншымі можа быць стратэгіяй выжывання», – сказаў 96-гадовы прафесар Сільвіа Гараціні, лекар і фармаколаг.
У пятніцу і суботу ў некалькіх італьянскіх гарадах, у тым ліку ў Рыме, Фларэнцыі, Турыне, Венецыі і Вероне, будзе абвешчаны найвышэйшы ўзровень спякоты, у некаторых раёнах прагназуецца тэмпература каля 40 градусаў спёкі.
РАР/вх