Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

ЕС пачынае кансультацыі па 22-м пакеце санкцый супраць Расіі

17.11.2026 10:12
Еўрапейская камісія спадзяецца, што рашэнне будзе прынята да канца бягучага года.
Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах Кая Калас выступае перад пасяджэннем Савета па замежных справах у БруселіEPA/OLIVIER HOSLET Dostawca: PAP/EPA

17-га лістапада Еўрапейская камісія праводзіць двухдзённыя кансультацыі па новых эканамічных санкцыях супраць Расіі, паведамляе карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі Беата Пламецка.

Апошні раз ЕС уводзіў санкцыі супраць Расіі ў канцы ліпеня. З таго часу ён прымаў толькі індывідуальныя абмежаванні, пашыраючы чорны спіс забаронаў на ўезд і актываў, заблакаваных у Еўропе. Толькі ўчора (16 лістапада) міністры замежных спраў ЕС вырашылі дадаць у чорны спіс 113 асоб, кампаній і ўстаноў у адказ на эскалацыю ўдараў Расіі па Украіне.

У Камісію прадстаўлена некалькі прапаноў адносна апошняга пакета санкцый. Пераважная большасць краін ЕС падтрымлівае ўвядзенне абмежаванняў у дачыненні да расійскіх спартоўцаў.

— Міністры рашуча заклікалі да ўзмацнення візавай палітыкі і да забароны на ўдзел расійскіх спартсменаў у мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Еўрапейскім Саюзе. Калі Расія разлічвае на наша знясіленне, яна будзе расчараваная, — заявіла ўчора кіраўніца знешняй палітыкі ЕС Кая Калас.

Але, як пачула карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі Беата Пламецка, апошні пакет санкцый можа ўключаць толькі рэкамендацыі для дзяржаў-чальцоў адносна забароны ўезду расійскіх спартсменаў у ЕС, з абгрунтаваннем у выглядзе пагрозы бяспецы.

Агульнай забароны з боку ЕС не можа быць, бо візавыя пытанні знаходзяцца ў кампетэнцыі дзяржаў Еўрасаюза. Аднак цэллю абмежаванняў могуць стаць расійскія спартсмены, якія служаць у расійскай арміі або праваахоўных органах і якія, як даказана, падтрымліваюць напад Расіі на Украіну.

Акрамя таго, Польшча разам з краінамі Балтыі паслядоўна заклікае да ўвядзення абмежаванняў у дачыненні да расійскіх дыпламатаў. Пра гэта ўчора ў Бруселі казаў віцэ-прэмʼер і міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі, каментуючы дыверсійныя напады, у тым ліку спробу падпалу заводу беспілотнікаў у Эстоніі.

— Расія праводзіць дзяржаўны тэрарызм. Кожны акт агрэсіі ўзмацняе аргументы на карысць абмежаванняў у дачыненні да расійскай дыпламатыі і грамадзян Расіі, — падкрэсліў віцэ-прэмʼер Сікорскі.

Польшча таксама ўваходзіць у лік краін, якія патрабуюць далейшых абмежаванняў у сектары крыптавалют і санкцый супраць суднаў з расійскага ценявога флоту. Акрамя таго, некаторыя краіны зноў патрабуюць уключыць гліназём у чарговы пакет санкцый. Забарона на экспарт гліназёму ў Расію, у першую чаргу з Ірландыі, ужо прапаноўвалася падчас працы над 21-м пакетам санкцый, але ў выніку краіны ЕС адмовіліся ад яе.

Чакаецца, што Камісія накіруе праект 22-га пакета санкцый дзяржавам-чальцам да саміту ЕС, які адбудзецца крыху больш чым праз тыдзень у Бруселі. Затым для ўступлення санкцый у сілу спатрэбіцца аднагалосная згода ўсіх краін. Еўрапейская камісія спадзяецца, што рашэнне будзе прынята да канца бягучага года.

ПР/юл