Яны перасеклі марскую мяжу паміж дзяржавамі 2 лістапада, у суботу; праз два дні іх затрымалі ў Японскім моры паўднёвакарэйскія ўлады.
Звычайна Паўднёвая Карэя дае прытулак перабежчыкам, але ў гэтым выпадку ўлады краіны заявілі, што рыбакі ўяўляюць пагрозу для нацыянальнай бяспекі і з'яўляюцца злачынцамі.
Маракі з КНДР прызналіся, што яны сумесна яшчэ з адным калегам забілі капітана судна за тое, што ён нібыта жорстка абыходзізся з імі, паведамляе паўднёвакарэйскае агенцтва Йонхап.
Затым яны забілі 16 членаў экіпажа, якія пачалі пратэставаць, і скінулі іх целы за борт. Маракі паспрабавалі вярнуцца ў КНДР, аднак аднаго з іх затрымалі ў порце, а двое іншых змаглі збегчы і зноў трапілі на тэрыторыю Паўднёвай Карэі, дзе і былі затрыманыя.
«Прыняццё іх у наша грамадства магло стаць пагрозай жыццю і бяспецы грамадзян. Такія злачынцы, паводле міжнароднага права, не могуць лічыцца ўцекачамі», – заявіў прадстаўнік міністэрства абʼяднання Рэспублікі Карэя. Маракоў перадалі паўночнакарэйскім уладам у памежным пункце Пханмунджом у дэмілітарызаванай зоне на мяжы дзвюх Карэй.
Паўночнакарэйцы рэгулярна прадпрымаюць спробы пакінуць краіну, перш за ўсё праз Кітай, які мае працяглую сухапутную мяжу з КНДР. З Кітая яны часта спрабуюць адразу зʼехаць у трэцюю краіну, каб пазбегнуць выдачы назад. Спробы перасекчы мяжу Паўночнай і Паўднёвай Карэй у большасці выпадкаў заканчваюцца няўдала. Дэмілітарызаваная зона даўжынёй 238 км і шырынёй 4 км на мяжы дзвюх дзяржаў – адно з самых старанна ахоўных месцаў на планеце.
паводле bbc.com/эж