Беларуская Служба

ЗША: Санкцыі супраць Nord Stream 2 - палітыка дыверсіфікацыі крыніц энергіі ў Еўропе

23.12.2019 13:15
Паводле амбасадара ЗША ў Германіi, амерыканскія санкцыі супраць Nord Stream 2 маюць „праеўрапейскі” характар.
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Амбасадар ЗША ў Германіi тлумачыць, што рашэнне Вашынгтона аб увядзенні санкцыі супраць кампаніяў, якія будуюць Nord Stream 2 мае „праеўрапейскі” характар. У інтэрв'ю нямецкай штодзёнцы Bild Рычард Грэнэль (Richard Grenell) падкрэсліў, што менавіта такім чынам амерыканцы ажыццяўляюць палітыку дыверсіфікацыі крыніц энергіі ў Еўропе.

Гаворка ідзе пра тое, каб ніякая краіна і пастаўшчык не дабілася занадта вялікіх уплываў ад продажу энергіі. Дыпламат таксама падкрэсліў, што рашэнне аб санкцыях з'яўляецца працягам палітыкі папярэдняга прэзідэнта Барака Абамы.

Тым часам нямецкі ўрад назваў амерыканскія санкцыі ўмяшаннем ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы. Рычард Грэнэль, адстойваючы рашэнне ўладаў ЗША, звярнуў увагу на настрой сярод дзяржаў-членаў Еўрасаюза, якія выказалі занепакоенасць з нагоды згаданага праекта і звярнуліся па дапамогу да ЗША.

Ён дадаў, што дыпламаты з краін Еўрасаюза падзякавалі яму за санкцыі супраць Nord Stream 2.

Амерыканскі амбасадар у Германіi таксама выказаў задавальненне тым, што кампаніі, супраць якіх былі ўведзеныя абмежаванні, ужо адрэагавалі на іх.

Нагадваем, швейцарская кампанія Allseas ужо адмовілася ад пракладкі газаправода. Працы, якія знаходзяцца на завяршальным этапе, былі прыпыненыя на поўдзень ад дацкага вострава Борнхальм.

аз