Еўрапейскі звяз павінен паскорыць працэс прыняцця трэцяга пакета санкцый супраць рэжыму ў Беларусі, заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус 7 снежня ў Бруселі перад пасяджэннем рады кіраўнікоў МЗС краін Еўразвяза, - паведамляе БелаПАН.
«Сёння мы як заўсёды абмяркуем наяўныя пытанні, і пытанні гэтыя даволі гарачыя, – сказаў ён. – Не скажу, што [такія пытанні] – звычайная справа, але, на жаль, частая. Спадзяюся, мы закранём і пытанні, звязаныя з Беларуссю. Як вядома, зараз абмяркоўваецца трэці транш санкцый. Мы павінны паскорыць гэты працэс і працягнуць націск на рэжым, які не мяняе сваіх паводзін і рыторыкі. Гэта вельмі сумна».
Паводле слоў Лінкявічуса, народ Беларусі «спустошаны, расчараваны, стаміўся, але ў яго моцная воля». І Еўразвяз павінен «адыграць сваю ролю» у сітуацыі з націскам на беларускі рэжым і дапамогай беларускаму народу «з усімі наступствамі».
«Таксама сёння вельмі важны дзень, таму што праз некаторы час мы завершым працу над дакументам, які тычыцца правоў чалавека і які мы ў Літве называем »спісам Магніцкага«. У некаторых еўрапейскіх краінах таксама ёсць гэты спіс. Гэта яшчэ адзін рычаг націску на тых, хто парушае правы чалавека. <...Я спадзяюся, што ў будучыні мы зможам уключыць [у сферу яго дзеяння] таксама злачынствы, звязаныя з карупцыяй, якая, у нашым разуменні, наўпрост звязаная з праблемай правоў чалавека, асабліва ў краінах, пра якія мы гаворым», – заявіў Лінкявічус.
3 снежня на Мінскім форуме намеснік кіраўніка генеральнага дырэктарата еўрапейскай палітыкі суседства і пашырэння Еўракамісіі Ерун Вілемс абвясціў пра намер ЕЗ найбліжэйшым часам увесці трэці пакет санкцый супраць беларускіх уладаў і новы пакет дапамогі незалежным СМІ і грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Ён заявіў, што ЕЗ рэагуе на палітычныя падзеі ў Беларусі і ўжо ўвёў візавыя санкцыі да Аляксандра Лукашэнкі і іншых высокапастаўленых службовых асоб, адказных за задушэнне акцый пратэсту і фальсіфікацыю выбараў. «Але гэтыя меры не паўплываюць на эканоміку. Сітуацыя можа змяніцца з увядзеннем трэцяга пакета санкцый, якое мы плануем найбліжэйшым часам», – сказаў Вілемс. Гэтыя санкцыі, паводле яго слоў, будуць накіраваныя не толькі на фізічных асоб, але і на юрыдычныя асобы.
2 кастрычніка ЕЗ увёў санкцыі ў дачыненні да прыкладна 40 беларускіх чыноўнікаў, «датычных да фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсій грамадзян краіны». У спіс трапілі члены Цэнтрвыбаркама, кіраўніцтва і супрацоўнікі сілавога блока.
6 лістапада санкцыйны спіс быў пашыраны да 59 чалавек, у яго ўключылі Лукашэнку. Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд на тэрыторыю ЕЗ і замарожванне актываў гэтых асоб.
БелаПАН/нг