Беларуская Служба

Тысячы расійскіх адвакатаў патрабуюць спыніць пераслед юрыстаў, якія бароняць апанентаў Крамля

01.05.2021 14:21
На думку некаторых расійскіх каментатараў, дзеянні службы бяспекі з'яўляюцца спробай запалохаць адвакатаў.
 ,      (  )
Іван Паўлаў, юрыст Фонду барацьбы з карупцыяй (на першым плане)фота: EPA/SERGEI ILNITSKY

Некалькі тысяч расійскіх адвакатаў заклікалі расійскія ўлады спыніць рэпрэсіі супраць юрыстаў, якія абараняюць апазіцыйных актывістаў, у тым ліку адваката Івана Паўлава. На сённяшні дзень петыцыю падпісалі больш за 3500 юрыстаў. Іван Паўлаў, які, між іншым, абараняе Аляксея Навальнага і яго паплечнікаў, быў учора арыштаваны ФСБ і абвінавачаны ў парушэнні таямніцы следства.

На думку некаторых расійскіх каментатараў, дзеянні службы бяспекі з'яўляюцца спробай запалохаць адвакатаў, якія прадстаўляюць апанентаў Крамля. Калегі Івана Паўлава ў спецыяльным звароце падкрэслілі, што ён заўсёды выконвае свае юрыдычныя абавязкі на самым высокім узроўні.

"Мы лічым, што дзеянні праваахоўных органаў накіраваны на запалохванне Івана і яго паплечнікаў, каб прымусіць іх устрымацца ад актыўнай абароны сваіх кліентаў", - гаворыцца ў звароце, ініцыяваным маскоўскімі юрыстамі. Яны патрабуюць ад супрацоўнікаў ФСБ, міліцыі і пракуратуры спыніць пераслед адвакатаў, якія прадстаўляюць апазіцыю.

Раней Следчы камітэт праводзіў ператрусы ў кватэрах і офісах адвакатаў, якія супрацоўнічаюць з групай абаронцаў "Команды29" на чале з Іванам Паўлавым. Праз некалькі гадзін пасля гэтага суд Масквы забараніў Паўлаву карыстацца Інтэрнэтам і тэлефонам.

ІАР ПР/нг