Беларуская Служба

НАТА пачынае вывад сваіх войск з Афганістана

02.05.2021 09:38
  -
прапор НАТО - ілюстраційне фотоCommons.wikimedia.org/Public domain

Пасля двух дзесяцігоддзяў заканчваецца самая доўгая міжнародная місія НАТА. Дзесяць тысяч салдат альянсу пачалі выхад з Афганістана. Дадому вяртаюцца і палякі. Апошні салдат павінен пакінуць афганскія ваенныя базы да 11 верасня.

Частка афганцаў асцерагаецца, што з выхадам войскаў НАТА талібы адважацца на ўзброены захоп улады. Аднак амбасадар Афганістана ў Варшаве Тахір Кадзіры пераконвае ў размове з Польскім радыё, што талібы занадта слабыя, каб атрымаць уладу, а дасягненні двух апошніх дзесяцігоддзяў ужо нельга адабраць у афганскага народа:

-У часы талібаў у асноўным не было запісаў у школы. Сёння ў іх вучацца больш за 10 мільёнаў вучняў. Гэта змена адбылася дзякуючы Польшчы і іншым нашым партнёрам. Хто хацеў бы вярнуцца да тых часоў, якія лічацца самай чорнай эпохай Афганістана, у якой нават музыка была забароненая.

Захад выводзіць войскі з Афганістана, але ў той жа час працягвае фінансаваць афганскае войска і паліцыю. НАТА таксама будзе імкнуцца падштурхнуць талібаў і ўрад у Кабуле да прагрэсу ў мірных перамовах. Аднак пакуль Талібы не толькі не склалі зброю, як абяцалі раней, але нават узмацнілі атакі. Два дні таму ў выніку тэракту ў правінцыі Логар загінулі не менш за 30 чалавек.

Місія НАТА ў Афганістане доўжылася два дзесяцігоддзі, у разгар вайны яна налічвала да 100 тысяч замежных войскаў, у асноўным амерыканцаў. Праз Афганістан прайшлі і дзясяткі тысяч польскіх жаўнераў.

аев