Беларуская Служба

Ва Украіне загінуў памочнік галоўнакамандуючага ЗСУ

07.11.2023 08:03
Як напісаў Валерый Залужны, ягоны памочнік і блізкі сябра Генадзь Часцякоў загінуў у свой дзень народзінаў, «у адным з падарункаў спрацавала невядомая выбуховая прылада».
Ілюстрацыйны здымакShutterstock/SergeyKPI

Галоўнакамандуючы Збройных сілаў Украіны Валерый Залужны паведаміў 6 лістапада пра смерць свайго памочніка, маёра Генадзя Часцякова. У час святкавання Дня народзінаў спрацавала выбуховая прылада ў адным з падарункаў, сцвярджае Залужны.

Як напісаў Валерый Залужны, ягоны памочнік і блізкі сябра Генадзь Часцякоў загінуў у свой дзень народзінаў, «у адным з падарункаў спрацавала невядомая выбуховая прылада». У Часцякова засталіся жонка і чацвёра дзяцей.

Іншыя крыніцы не называлі прычынаў смерці Часцякова, сам Залужны адзначыў, што прычыны і абставіны смерці яшчэ будуць высвятляць у дасудовым расследаванні.

Як піша «Українська правда» са спасылкай на ўласныя крыніцы, загінулы – той самы 39-гадовы вайсковец, аб смерці якога паведамлялі раней у Міністэрстве ўнутраных справаў. Пра той выпадак казалі, што ў сяле Чайкі на Кіеўшчыне мужчына загінуў удома ад неасцярожнага абыходжання з боепрыпасамі, а ягоны 13-гадовы сын цяжка паранены і шпіталізаваны.

«Еспресо TV» сцвярджае, што жонка загінулага казала: выбух адбыўся, калі адкрывалі адзін з падарункаў, у скрынцы мелі быць бутэлька алкаголю і чаркі.

яс/belsat.eu