Беларуская Служба

Мадура прызнаны пераможцам прэзідэнцкіх выбараў. На думку апазіцыі, перамог Гансалес

29.07.2024 11:01
Нацыянальная выбарчая рада (CNE) паведаміла, што Мадура набраў 51% галасоў, а кандыдат ад апазіцыі Эдмунда Гансалес – 44%. 
Нікалас МадураPAP/EPA/RONALD PENA R.

Дзеючы кіраўнік дзяржавы Нікалас Мадура быў абвешчаны ў панядзелак пераможцам нядзельных прэзідэнцкіх выбараў у Венесуэле. Нацыянальная выбарчая рада (CNE) паведаміла, што Мадура набраў 51% галасоў, а кандыдат ад апазіцыі Эдмунда Гансалес – 44%. Аднак, паводле апазіцыі, Гансалес перамог з 70%.

Агенцтва Reuters паведаміла, што паводле апытанняў на выхадзе з выбарчых участкаў, Гансалес перамог на выбарах з 65% галасоў, у той час як чакалася, што за Мадура прагаласуе ад 14 да 31%.

«Венесуэльцы і ўвесь свет ведаюць, што адбылося», – заявіў сам Гансалес у сваёй першай паслявыбарнай прамове. Ён сказаў, што не заклікае прыхільнікаў выходзіць на вуліцы і здзяйсняць акты гвалту. Калі падкантрольны Мадура Вярхоўны суд не дазволіў лідарцы апазіцыі Марыі Мачада, палітыку і былой дэпутат, балатавацца на выбарах, Гансалес стаў кандыдатам на замену ад апазіцыі. Былы дыпламат і выкладчык лічыцца палітычным пачаткоўцам.

У сваёй прамове пасля выбараў Мадура абвінаваціў «замежных ворагаў» у спробе ўзлому сістэмы галасавання. «Гэта не першы раз, калі яны спрабуюць парушыць мір у рэспубліцы», – сказаў ён, паабяцаўшы прыцягнуць да адказнасці тых, хто спрабуе падбухторваць да гвалту ў Венесуэле.

Падчас выбарчай кампаніі, якая скончылася ў пятніцу, рэжым Мадура сістэматычна рабіў крокі, каб ускладніць удзел апазіцыі ў выбарах. Больш за 70 палітыкаў і актывістаў за дэмакратызацыю Венесуэлы былі арыштаваныя. Мачада менш за два тыдні таму паведаміла, што невядомыя злачынцы перарэзалі тармазныя магістралі ў яе машыне, а Гансалес сказаў, што агітаваў па краіне і вазіў з сабой уласныя прадукты, таму што ўлады закрылі для яго рэстараны ў рамках «барацьбы з ворагамі нацыі».


Эдмунд Гансалес і Марыя Мачада Эдмунд Гансалес і Марыя Мачада

Некаторыя замежныя лідары ўстрымаліся з прызнаннем вынікаў. «Рэжым Мадура павінен разумець, што апублікаваныя ім вынікі не выклікаюць даверу», – сказаў прэзідэнт Чылі Габрыель Борык. «Мы не будзем прызнаваць вынікі, якія немагчыма праверыць», – дадаў ён.

Прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей назваў афіцыйны вынік выбараў у Венесуэле фальсіфікацыяй, а ўлады Коста-Рыкі і Перу не прызналі яго, а дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што ў ЗША ёсць «сур'ёзныя асцярогі, што абвешчаны вынік не адлюстроўвае волю або галасы венесуэльскага народа».

Куба, Гандурас і Балівія прызналі перамогу Мадура. Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель ужо павіншаваў Мадура з «гістарычным трыумфам на выбарах».

ав