«Сёння ўвечары, па маім загадзе як галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі, Злучаныя Штаты нанеслі магутныя і смяротныя ўдары па тэрарыстычных падонках «Ісламскай дзяржавы» на паўночным захадзе Нігерыі, якія бязлітасна забіваюць, у першую чаргу, нявінных хрысціян у маштабах, не бачных гадамі, нават стагоддзямі», — напісаў Трамп на сваёй платформе Truth Social.
Трамп адзначыў, што раней папярэджваў тэрарыстаў з ІДІЛ, што калі яны не спыняць разню хрысціян, яны заплацяць высокую цану — і сёння яны гэта зрабілі. Ён падкрэсліў, што Злучаныя Штаты пад яго кіраўніцтвам не дазволяць радыкальным ісламскім тэрарыстам свабодна дзейнічаць. «Няхай Бог дабраславіць нашых вайскоўцаў. З Калядамі ўсіх, у тым ліку загінулых тэрарыстаў, якіх будзе значна больш, калі разня хрысціян працягнецца», — дадаў амерыканскі прэзідэнт.
У апошнія дні СМІ паведамілі пра першыя палёты амерыканскіх самалётаў у паветранай прасторы Нігерыі. У лістападзе Дональд Трамп пагражаў умяшацца ў справы краіны, калі пераслед хрысціян працягнецца, аднак ён не прадставіў доказаў таго, што масавыя забойствы сапраўды адбываюцца. У адказ нігерыйскія чыноўнікі заявілі, што любыя ваенныя дзеянні павінны праводзіцца сумесна, падкрэсліўшы, што ў Нігерыі пануе рэлігійная талерантнасць і што праблемы бяспекі аднолькава закранаюць прыхільнікаў усіх рэлігій.
Міністэрства замежных спраў Нігерыі пацвердзіла, што Злучаныя Штаты нанеслі ўдары па тэрарыстах у Нігерыі.
«Нігерыйскія ўлады застаюцца прыхільнымі супрацоўніцтву ў галіне бяспекі з міжнароднымі партнёрамі, у тым ліку са Злучанымі Штатамі, накіраванаму на рэагаванне на пагрозу тэрарызму і гвалтоўнага экстрэмізму. Гэта прывяло да дакладных авіяўдараў па цэлях, звязаных з тэрарызмам, у Нігерыі», — заявіла Міністэрства замежных спраў Нігерыі.
Афрыканскае камандаванне ЗША паведаміла, што ўдар быў нанесены па просьбе нігерыйскіх уладаў. Паведамляецца, што ў выніку ўдару загінула шмат тэрарыстаў.
ПР/юл