Беларуская Служба

250 чалавек з-за ўсходняй мяжы прыехалі ў рамках праекту «Польшча ў табе»

16.07.2019 14:03
Да ўдзелу ў праграме запрошаныя каля 250 маладых чалавек ва ўзросце ад 12 да 20 гадоў польскага паходжання, у тым ліку з Беларусі. 
Аўдыё
          .
Анджэй Дуда з жонкай разам з удзельнікамі акцыі "Польшча ў табе".PAP/Paweł Supernak

Падчас свайго прыбывання яны інтэнсіўна вывучаюць польскую мову, наведваюць найбуйнейшыя польскія гарады, знаёмяцца з месцамі, важнымі для польскай гісторыі і культуры, удзельнічаюць у шматлікіх курсах, глядзяць фільмы пра гісторыю Польшчы, сустракаюцца з варшаўскімі паўстанцамі і ўладамі краіны.

Праект узнік пры падтрымцы канцылярыі прэзідэнта Польшчы, Міністэрства замежных спраў і Міністэрства нацыянальнай адукацыі. Праграму ў асноўным фінансуе Сенат краіны. Мэта акцыі – узмацніць патрыятызм і будаваць сувязі з краінай продкаў сярод маладых палякаў, выхаваных за мяжой.

Да ўдзелу ў праграме запрошаныя каля 250 маладых чалавек ва ўзросце ад 12 да 20 гадоў польскага паходжання з Казахстану, Расіі, Латвіі, Беларусі, ЗША, Бразіліі, Аргентыны і краін Заходняй Еўропы.

«Польшча ў табе» спалучае ініцыятыву некалькіх дзясяткаў дзяржаўных установаў, няўрадавых арганізацый і фірм, зацікаўленых папулярызацыяй і будаваннем адносін з палякамі замежжа.

Удзельнікі праекта ўчора сустрэліся з польскім прэзідэнтам і яго жонкай, Агатай Корнхаўзер-Дудай.


Сустрэча ўдзельнікаў акцыі з прэзыдэнтам А. Дудам. Сустрэча ўдзельнікаў акцыі з прэзыдэнтам А. Дудам.

Анджэй Дуда падкрэсліў, што гэтая моладзь ніколі раней не была ў Польшчы. Тым больш важнай з’яўляецца ідэя, каб выклікаць у маладых людзей гонар тым, што ў іх польскія карані.

А. Дуда: На гэты двухтыднёвы этап прыехалі дзеці і моладзь з Усходу і Латвіі. Але будуць таксама чарговыя этапы, на якія прыедуць маладыя людзі з ЗША, Паўднёвай Амерыкі. Гэта будзе сустрэча моладзі з польскімі каранямі з цэлага свету. Мы вельмі рады, што яны змаглі прыехаць у Польшчу, паглядзець краіну сваіх продкаў. Пры гэтай нагодзе яны могуць сустрэцца з польскай культурай, традыцыяй. Я бы вельмі хацеў, каб яны вярнуліся дадому з пачуццём, што гэта таксама іх месца, што тут іх карані, каб частка іх сэрца засталася ў Польшчы.

Спікер Сенату Станіслаў Карчэўскі таксама сустрэўся з замежнымі гасцямі. Ён казаў, што для Польшчы важна ўтрымліваць сувязі з палякамі, якія раскіданыя па цэламу свету. Спікер пераконваў, што гэта маладыя прадстаўнікі польскай меншасці з’яўляюцца для Сенату прыярытэтам.

С. Карчэўскі: Для нас вельмі важна, каб як мага больш маладых палякаў хацела да нас, у Польшчу, прыязджаць. Мы заахвочваем вас пасля прыязджаць за вышэйшай адукацыяй, заахвочваем пасяліцца ў Польшчы.


Анджэй Дуда з жонкай разам з удзельнікамі акцыі "Польшча ў табе". Анджэй Дуда з жонкай разам з удзельнікамі акцыі "Польшча ў табе".

Людміла Сухавецка, настаўніца дзяцей з Казахстану, кажа, што такі візіт для іх з’яўляецца вельмі вялікай падзеяй.

Л. Сухавецка: У нас усе пытаюцца, што гэта для нас значыць: «Польшча ў табе!». А мы адказваем вельмі проста: мы любім Польшчу. Польшча заўсёды разам з намі. Мы ўпершыню тут, гэта вельмі кранальна. Усе задаволеныя і шчаслівыя. Мы любім і ўдзячныя ўсёй Польшчы.

Адным з арганізатараў сёлетняй акцыі з’яўляецца фонд «Дапамога палякам на Усходзе» і таварыства «Wspólnota Polska».

Польскія ўлады неаднаразова падкрэслівалі, што адным з прыярытэтаў польскай замежнай палітыкі з’яўляецца захаванне сувязяў з палякамі замежжа, асабліва моладдзю.

Анджэй Дуда нагадаў таксама пра іншыя акцыі, скіраваныя да польскай дыяспары, як «Паштоўка для ветэрана», ці «Прэзыдэнцкі стаж». «Вельмі шмат адбываецца ў такіх акцыях. Мы б хацелі, каб яны будавалі і ўзмацнілі пачуццё польскай супольнасці таксама сярод тых, хто жыве за межамі Польшчы, найперш у моладзі, але ня толькі. Гэта таксама акцыі, скіраваныя да ўсіх, каб мы мелі пачуццё польскай супольнасці ў цэлым свеце», – гаварыў Анджэй Дуда.

Польскія ўлады называюць польскую меншасць і палякаў замежжа «амбасадарамі Польшчы».

ав