Настаўнікі кідаюць працу ў школе. У польскіх школах не хапае больш чым сямі тысяч педагогаў – паведамляе «Dziennik Gazeta Prawna». Самы вялікі дэфіцыт настаўнікаў назіраецца ў цэнтры – у Мазавецкім ваяводстве. Кадравыя праблемы былі ў школах ужо ў мінулым навучальным годзе.
Пасля рэформы адукацыйнай сістэмы, ліквідацыі гімназій і падаўжэння пачатковай школы з шасці да васьмі гадоў многія адукацыйныя ўстановы адчувалі недахоп колькасці педагогаў. Дырэктары выкарыстоўвалі розныя спосабы пошуку настаўнікаў, а таксама метады абыходжання з іх меншай лічбай. Школьнікі вывучалі замежную мову ў групах на трыццаць і больш чалавек, без падзелу класаў, былі акенцы паміж урокамі, каб настаўнік паспеў прыехаць з іншай школы, у некаторых класах настаўнікі мяняліся кожны месяц. Перад новым навучальным годам праблему не ўдалося вырашыць, больш за тое, акрамя пачатковых школ, з кадравымі праблемамі змагаюцца цяпер і сярэднія школы.
Адна з прычын у тым, што сёлета ў сярэднія школы пойдзе ў два разы больш вучняў, чым годам раней у выніку рэформы адукацыі. Некаторыя школы значна павялічылі колькасць класаў, адпаведна, патрэбна і больш педагогаў. А яны, асабліва настаўнікі ангельскай мовы, матэматыкі, фізікі ці хіміі, не спяшаюцца ісці працаваць у школу, калі могуць спакойна знайсці працу за значна большыя грошы ў іншых месцах. Праўда, урад павысіў заробкі настаўнікаў, але гэта радыкальна не памяняла сітуацыі.
нг