Беларуская Служба

Украінка пратэстуе супраць таго, што палякі кажуць “на Украіне”

30.12.2019 16:02
Украінская фатограф: Мая задача - пачаць на гэтую тэму сур'ёзную дыскусію ў Польшчы.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: _Alicja_/pixabay.com/CC0 Public Domain

У цэнтры Варшавы грамадзянка Украіны пратэставала супраць таго, што палякі кажуць “на Украіне”, а не “ва Украіне. Паводле яе слоў, для ўкраінцаў гэта неадназначны зварот. Каб звярнуць увагу на гэтую справу і пачаць дыскусію, яна наладзіла ў цэнтры польскай сталіцы хэпенінг, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Юлія Крывіч сфатаграфавалася перад аўтавакзалам “Варшава Заходняя” са сцягам у руках, на якім быў надпіс “Ва Украіне” (W Ukrainie)”. Такім чынам яна хацела звярнуць увагу на праблему мовы.

“Я стала думаць, у якіх выпадках у польскай мове выкарыстоўваецца прыназоўнік “у", а ў якіх "на" пры назвах дзяржаваў. Чаму палякі кажуць “у Францыі”, а ў выпадку з усходніх суседзяў - Украіны, Беларусі і Літвы - гавораць “на”?”, - кажа мастачка.

Паводле яе слоў, пытанне мае геапалітычнае значэнне. Што гэта значыць? Яна тлумачыць, што ў царскія і савецкія часы расіяне ўспрымалі Украіну як сваю тэрыторыю і таму выкарыстоўвалі форму “на Украіне”.

“Таму нас вельмі раздражняе такі спосаб выказвання пра нашу краіну. Цяпер мая задача - пачаць сур'ёзную дыскусію на гэтую тэму ў Польшчы”,- кажа жанчына і дадае, што яна не спецыяліст у галіне польскай граматыкі, паведамляе Gazeta Wyborcza.

аз