Беларуская Служба

Ад каронавіруса ўваччу дваіцца

13.02.2020 16:33
Напалоханыя новай хваробай людзі гатовыя верыць любым паведамленням ды чуткам.   
Аўдыё
  • У Кітаі працягваецца эпідэмія каронавіруса
Чарга за медычнымі маскамі ў КітаіEPA/ALEX PLAVEVSKI Dostawca: PAP/EPA.

Чуткі заўсёды існавалі і ўплывалі на паводзіны людзей. Сёння з распаўсюдам інтэрнэту, яны прынялі масавую ды небяспечную форму. Пры дапамозе «фэйкаў» – непраўдзівых навін, дэзынфармацыі можна нават выклікаць глабальны крызіс ці масавую паніку. Так крыху дзеецца цяпер у звязку з эпідэміяй каронавіруса ў Кітаі.

Афіцыйная інфармацыя задавольвае далёка ня ўсіх, шмат хто гатовы верыць чуткам «прачытаным у Інтэрнэце». Ня варта, папярэджваюць адмыслоўцы. Можа выйсці сабе даражэй.

Кітайскія СМІ штодня паведамляюць дадзеныя пра колькасць хворых на каронавірус. Сёння адбыўся значны прырост колькасці заражаных: 59 804 тысяч чалавек у Кітаі, 50 у Ганконгу, 10 у Макаа ды 18 у Тайвані. Памерлі ад хваробы – 1367 чалавек, а 5911 ачунялі.

За сітуацыяй у Кітаі сочыць увесь свет. Аднак апроч праверанай інфармацыі ў cеціве цыркулюе шмат чутак, якія потым ідуць так бы мовіць «у народ» праз сацыяльныя сеткі, курылкі, чэргі ў крамах. Вось цікавы прыклад.

Пост карыстальніка сеткі "Facebook" пра пачутае ад людзей наконт каронавіруса Пост Сергей Мардан  пра пачутае ад людзей наконт каронавіруса

- «Ды няма ніякага віруса! Гэта каб маскі раскуплялі ды кампаніі ўзбагачаліся!»
- «У сібірскіх лясах мёртвыя кітайцы ляжаць. Праз мяжу перайшлі ды памерлі»
- «Гэта Амерыка вірус распыліла. Вырашыла кітайцам дапамагчы з перанасяленнем».
- «Усе эпідэміі ад кітайцаў, жаруць чорт ведае што. Лепш бы баршчу паелі. Я вось баршчу з часныком паеў, чарачку гарэлачкі кульнуў і мне нічога больш не страшна».

Адкуль бяруцца, такія меркаванні? Гэта часткова вынік таго, што ў cеціве, асабліва за апошнія гады стала з'яўляцца мноства не праверанай і часта фальшывай інфармацыі. На постсавецкай прасторы гэтым грашаць нават дзяржаўныя выданні.

Той факт, што нейкая інфармацыя апублікаваная, зусім не азначае, што ёй трэба давяраць на 100%. Для ўласнай бяспекі трэба павышаць сваю медыя-пісьменнасць, стасаваць шэраг простых правіл, кажа вядомы журналіст Аляксандр Класкоўскі.

- У нашай постсавецкай сітуацыі нават афіцыйныя медыі часта піша «лухту». Гэта падтрымлівае заблытанасць сярод людзей, калі просты абывацель не ведае, дзе праўда, а дзе няпраўда. Вельмі востра сёння стаіць пытанне медыя-пісьменнасці. Гэта шэраг важных правілаў. Па-першае, верыфікацыя крыніцы, наколькі яна аўтарытэтная ці праўдзівая. Калі гэта нейкі левы сайт, тады нельга на павер успрымаць тое, што там апублікавана. Па-другое, укіды ды фэйкі маюць «кароткія ногі». Сапраўдны сюжэт развіваецца, дапаўняецца па ходу новымі акалічнасцямі, падрабязнасцямі. Адзінкавы ўкід з невядомага сайта павінен выклікаць падазрэнні. Трэба тады дакапацца да першакрыніцы. Калі яе няма, ці нейкі левы сайт, з вялікай доляю імавернасці – гэта будзе непраўдзівая інфармацыя.

Замест парадаў знаёмых лепш запытацца меркавання спецыялістаў – лекараў. Ад вірусаў больш дапаможа не столькі цытаваны вышэй боршч з часныком, колькі звычайная гігіена: мыццё рук, мыццё ды гатоўка ежы, праветрыванне памяшкання і так далей, кажа лекар рэаніматолаг Зміцер Салошкін.

- Я параіў бы карыстацца інфармацыяй ад медыкаў. Гэта можна рабіць і ў інтэрнэце, але калі гэта размова з доктарам інфекцыяністам, дыпламаваным медыкам. Таму што нават згаданы каронавірус па эпідэміялагічных паказніках: лятальнасць, распаўсюджанасць не большы за ўспышкі грыпу, ці пнеўманію. За год на гэтыя хваробы хварэе больш людзей і лятальнасць вышэйшая. Проста сёння гэта свежая хвароба, незразумелая, вакол яе ўзнята столькі шуму, што складваецца адчуванне, што ледзь не новая чума.

- Пры гэтым хуткаму распаўсюджанню хваробы спрыяе шчыльнасць насельніцтва і кантактаў. У такой сітуацыі лепш хадзіць па вуліцы аднаму, чым у цяпле без свежага паветра сядзець у кіно. Трэба памятаць, што лепш застацца ўдома, калі захварэў, а не ісцін на працу, рабіць з сябе героя. Не саромецца апранаць маскі, ідучы кудысьці. Трэба памятаць пра гігіену, мыць рукі, прамываць нос, карыстацца спрэямі, каб слізістая была вільготная.

У Кітаі працягваецца эпідэмія каронавіруса. Сітуацыя пагаршаецца, але далёка не крытычная, зазначаюць спецыялісты. Эфект навізны ды чуткі ў Сеціве стварыў нездаровы ажыятаж. Для ўласнай бяспекі варта сачыць за інфармацыяй, але з аўтарытэтных да адказных СМІ, што да медычнага боку, трэба не забываць пра гігіену і не панікаваць.

Юры Ліхтаровіч