Беларуская Служба

У Польшчы стала модным шукаць свае генеалагічныя карані

07.03.2020 16:12
Гэтак сталася тады, калі пачалі публікаваць архівы ды метрыкі ў інтэрнэце.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock/Volodymyr Nikitenko

Польскія СМІ шырока паведамлялі даволі сенсацыйную навіну – генеолаг дакапаўся, што ў Малгажаты Кідавы-Блоньскай з партыі Грамадзянская платформа і старшыні групоўкі Права і справядлівасць Яраслава Качыньскага ёсць агульныя продкі ў далёкім калене. Кідава-Блоньска – адна з важнейшых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта дзяржавы. Аказваецца, што самыя зацятыя ворагі на палітычнай сцэне, на самой справе – далёкія сваякі.

У сувязі з гэтым выданне Rzeczpospolita звярнулася да галоўнага рэдактара генеалагічнага квартальніка Алана Якмана з пытаннем, калі ў Польшчы нарадзілася мода на пошукі сваіх генеалагічных каранёў?

Гэтак сталася тады, калі пачалі публікаваць архівы ды метрыкі ў інтэрнэце. Раней трэба было ехаць у архіў, каб шукаць сваіх продкаў, не кожнаму хацелася гэта рабіць. Цяпер значна прасцей. Іншая прычына – рост заможнасці грамадства, паколькі такія паслугі – не першай неабходнасці.

Што людзі перш за ўсё хацелі б пра сябе ведаць? Генеолаг кажа, што ён сустракае ўсё менш людзей, якія шукаюць шляхецкія карані ў сваім генеалагічным дрэве. Затое паявілася група, якая імкнецца праверыць сямейныя легенды, напрыклад, што ў іх жылах цячэ габрэйская кроў. Генеалогіяй займаюцца таксама асобы, якія некалькі дзясяткаў гадоў таму з’ехалі з Польшчы. Магчыма, гэта звязана з жаданнем вярнуцца да свайго польскага паходжання, пошук свайго месца на зямлі.

Ці здараецца, што чалавека расчаруюць вынікі пошукаў сваіх продкаў? Так, бывае, напрыклад, адна жанчына думала, што яе продак быў шляхціцам, а аказалася, што ён толькі працаваў у сядзібе шляхціца. Паводле іншай сямейнай легенды, чалавек быццам бы калісьці працаваў у школе настаўнікам, а аказалася, што ён быў толькі вахцёрам. Сямейныя гісторыі бываюць праўдзівымі, але некаторыя на працягу пакаленняў абрастаюць міфамі. Разбурэнне гэтых міфаў для некаторых можа стаць шокам.

нг