Беларуская Служба

Лех Качыньскі сямейнымі вузамі быў звязаны з Беларуссю

10.04.2020 16:58
Яго дзядуля быў чыгуначным начальнікам у Баранавічах, бацька там закончыў ліцэй, а жонка нарадзілася ў Нарачы. 
Аўдыё
  • 10 гадоў таму ў авіякатастрофе пад Смаленскам загінуў прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі
Lech Kaczyński
Lech KaczyńskiShutterstock.com/sootra

10 гадоў таму ў авіякатастрофе пад Смаленскам загінуў прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі. Ён быў палітыкам, грамадскім дзеячам, юрыстам, а таксама бацькам і любячым мужам.

Лех Аляксандр Качыньскі нарадзіўся 18 чэрвеня 1949 года ў Варшаве ў сям’і інжынера Раймунда Качыньскага і польскага філолага Ядвігі Качыньскай, у дзявоцтве Ясевіч. Яго брат-блізнюк Яраслаў – старшыня кіруючай актуальна ў Польшчы кансерватыўна-каталіцкай партыі «Права і справядлівасць».

Дарэчы, Лех Качыньскі сямейнымі вузамі быў звязаны з Беларуссю. Яго бацька Раймунд у 1920-я гады жыў у Баранавічах, там закончыў ліцэй. Справа ў тым, што бацька Раймунда быў адным з начальнікаў баранавіцкага чыгуначнага вузла. Перад самай вайной Качыньскія пераехалі ў Брэст. Калі пачалася вайна, сям’я, баючыся дэпартацыі ў Сібір, пераехала ў Варшаву, і менавіта з польскай сталіцай звязала далейшае жыццё. Раймунд Качыньскі быў удзельнікам Варшаўскага паўстання, падчас якога атрымаў афіцэрскі чын паручніка і быў узнагароджаны ордэнам Virtuti Militari – найвышэйшым ваенным ордэнам Польшчы.

Жонка Леха Марыя Гелена, у дзявоцтве Мацкевіч, нарадзілася на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, якая тады ўваходзіла ў склад Польшчы, у гміне Кабыльнік (сёння – аграгарадок Нарач).

У 1962 годзе Лех з Яраславам сыгралі галоўныя ролі ў папулярным у Польшчы дзіцячым фільме-казцы «Пра тых, хто ўкраў Месяц». Ролі двух хлопчыкаў-блізнюкоў па імені Яцэк і Пляцэк прынеслі ім вядомасць у Польшчы.

У дарослым жыцці браты Качыньскія аднак не выбралі акцёрскай кар’еры – абодва падаліся ў юрысты, закончыўшы Юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. У 1972 годзе Лех Качыньскі абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Гданьскім універсітэце, у 1990 годзе стаў прафесарам юрыдычных навук, быў спецыялістам працоўнага права.

У часы Польскай Народнай Рэспублікі як Лех, так і Яраслаў пачалі ангажавацца ў апазіцыйную дзейнасць. Пасля грамадска-палітычных перамен канца 1980-х, пачатку 1990-х гадоў абодва сталі дзеючымі палітыкамі.

Цягам палітычнай кар’еры Лех Качыньскі займаў пасады старшыні Вярхоўнай кантрольнай палаты, міністра юстыцыі і генеральнага пракурора, мэра Варшавы. У 2005 годзе выбраны на пасаду прэзідэнта Польшчы.
Вось як прэзідэнт Лех Качыньскі згадваў перыяд міжваеннай Польшчы падчас выступлення ў Дзень незалежнасці 11 лістапада 2009 года на плошчы імя Юзэфа Пісудскага ў Варшаве.

- Польшча стала незалежнай таму, што палякі сталі да барацьбы за сваю айчыну і зрабілі ўсё, каб стварыць дзяржаву. У 1918-1921 гадах, гэта значыць да заканчэння Трэцяга Сілезскага паўстання, мы абаранілі сваю дзяржаву і адстаялі яе межы.

У міжваеннай Польшчы, якой мы ганарымся, былі таксама свае недахопы. Польшча не была ідэальнай дзяржавай, бо ў свеце не існуе ідэалаў. Але нам удалося аб’яднаць землі, якія раней знаходзіліся пад панаваннем трох імперый, стварыць судова-юрыдычную сістэму, дзяржаўную адміністрацыю, узброеныя сілы. Міжваенны перыяд – гэта вялікі перыяд развіцця літаратуры, мастацтва і навукі. Тыя 20 гадоў – гэта вялікія гады.

Сучаснікі гаварылі, што Лех Качыньскі быў вельмі мілым і цёплым чалавекам, умеў слухаць людзей, у тым ліку і палітычных апанентаў, і быў вельмі блізка звязаны са сваім братам Яраславам. Не сакрэт таксама, што менавіта Яраслаў быў большым завадатарам і ініцыятарам розных захадаў і задумаў, хоць і стараўся трымацца ў ценю свайго брата. Гаворыцца таксама, што насамрэч перамога Леха ў прэзідэнцкіх выбарах – гэта заслуга менавіта брата.

На жаль, жыццё Леха абарвала падзенне ўрадавага самалёта Ту-154М пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года. Разам з ім загінула жонка Марыя Качыньская. Гэтая падзея стала не толькі трагедыяй у гісторыі польскага народа, але і асабістай трагедыяй Яраслава Качыньскага, Ядвігі Качыньскай ды Марты – дачкі Леха і Марыі.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу