Беларуская Служба

100 гадоў таму Польшча і Украіна падпісалі важнае пагадненне

25.04.2020 08:02
Дэ-факта дагавор быў дэнансаваны Рыжскім мірам, падпісаным 18 сакавіка 1921 года.
 :    ,     ,       .  1920
Злева направа: польскі генерал Антоні Лістоўкі, кіраўнік украінскай дзяржавы Сымон Пятлюра, украінскія палкоўнікі Уладзімір Сальскі і Марк Бязручка. Красавік 1920 года Public Domain

100 гадоў таму адроджаная Рэспубліка Польшча і Украінская Народная Рэспубліка падпісалі важнае гістарычнае пагадненне. Яно ўстанаўлівала супольную мяжу і акрэслівала перспектывы далейшага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.

Дагавор паміж РП і УНР быў сакрэтным. У гістарыяграфіі ён функцыянуе пад назвай Варшаўскае пагадненне, паколькі было падпісанае ў польскай сталіцы. Подпісамі яго замацавалі 21 красавіка 1920 года Юзэф Пілсудскі і Сымон Пятлюра ў разгар польска-бальшавіцкай вайны 1919-1921 гадоў. Дарэчы, Варшаўскае пагадненне складалася з двух частак: першая, палітычна-эканамічная, была падпісаная 21 красавіка, а другая, якая датычыла вайсковай супрацы, 24 красавіка.

Пагадненне было падпісанае падчас польска-расійскай вайны незадоўга да наступлення польскіх войскаў на Кіеў. Пілсудскі шукаў саюзнікаў супраць бальшавікоў і спадзяваўся стварыць Саюз Міжмор'я. У сваю чаргу Пятлюра бачыў у альянсе апошні шанец на стварэнне незалежнай Украіны.

Польскі лідар Юзэф Пілсудскі спрабаваў стварыць узначалены Варшавай саюз краін Усходняй Еўропы – федэрацыю Міжморʼя, мэтай якой была абарона ад Расіі. Яго план, аднак, не атрымаўся, паколькі некаторыя з магчымых саюзнікаў адмовіліся супрацоўнічаць з Польшчай, а іншыя вырашылі не ісці на канфлікт з бальшавікамі.

Праект канфедэратыўнай дзяржавы, паводле Пілсудскага, уключаў бы Польшчу, Украіну, Беларусь, Літву, Латвію, Эстонію, Малдову, Венгрыю, Румынію, Югаславію, Чэхаславакію, а таксама, магчыма, Фінляндыю. Гэтая канфедэрацыя павінна была распасцірацца ад Чорнага і Адрыятычнага мораў да Балтыйскага, адсюль і назва.

Пілсудскі таксама хацеў, каб незалежная Украіна была буферам паміж Польшчай і Расіяй, замест таго, каб бачыць Кіеў зноў пад панаваннем Масквы і мець мяжу з бальшавіцкай дзяржавай.

Украінскай дэлегацыі, якая ўдзельнічала ў версальскіх перамовах, не ўдалося пераканаць магутных еўрапейскіх дзяржаў да ідэі незалежнасці Кіева. Праект пад назвай «незалежная Украіна» не адбыўся, а ўкраінскія землі зноў сталі зонай баявых дзеянняў паміж рознымі мясцовымі і замежнымі групоўкамі.

У такіх умовах Юзафу Пілсудскаму было няцяжка пераканаць Сымона Пятлюру далучыцца да альянсу з Польшчай, нягледзячы на ​​нядаўні канфлікт паміж дзвюма краінамі, які быў урэгуляваны напярэдадні на карысць Польшчы.

У прыватнасці, у адпаведнасці з Варшаўскай дамовай, палякі абавязаліся не прызнаваць міжнародных пагадненняў, накіраваных супраць Украіны, гарантавалі захаванне нацыянальна-культурных правоў украінскага насельніцтва на тэрыторыі Польшчы. Аналагічныя правы палякаў на тэрыторыі Украіны прызнаваў урад Пятлюры.

Акрамя таго, быў распрацаваны эканамічны дагавор і вайсковы альянс. Пятлюры была абяцаная ваенная дапамога ў аднаўленні кантролю над украінскімі землямі. Украіна павінна была падпарадкаваць свае войскі польскаму камандаванню і забяспечыць сумесныя арміі пастаўкамі на тэрыторыі Украіны; палякі ўзамен абяцалі прадаставіць абсталяванне для ўкраінцаў.

Некаторыя пункты Варшаўскага дагавора ўдалося рэалізаваць на практыцы, перш за ўсё ў мілітарнай і эканамічнай сферах. Дэ-факта дагавор быў дэнансаваны Рыжскім мірам, падпісаным 18 сакавіка 1921 года, які ўсталяваў дзяржаўную мяжу паміж Польшчай з аднаго, і РСФСР і УССР з другога боку.

вс

Больш на гэтую тэму: Машына часу